Кулінарныя традыцыі ў жніво, або Энікі-бэнікі… гатуй "палюбэнікі"!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПалюбэнікі да жніва

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца ўспамінамі пра асаблівасці жаночай працы падчас вясковага жніва і прапануе прыгатаваць да свята новага хлеба пажыўныя палюбэнікі па старажытным рэцэпце з Піншчыны.
Ад пачатку апошняга месяца лета пачалося жніво, і цяпер у хлебаробаў адна толькі думка: як мага лепей сабраць ураджай збожжавых. Нездарма ж у народзе пра жнівень казалі:
"…гніся, баба, нізка, уставай раненька, ды жні дапазненька".
Атрымаўшы зерне, спяшаліся да млына, каб са свежай мукі спячы першы духмяны бохан хлеба ды й прыгатаваць іншыя стравы, дзе яна патрэбна. Згодна з народным календаром рабілі гэта ў прысвятак Лаўрын, які адзначаюць 10 чэрвеня.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСпелае жыта

Спелае жыта
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Сакрэты вясковага жніва
Вядома ж, цяпер жанчыны рэдка бяруць у рукі серп, але на ўласных падворках, дзе ў невялікіх памерах працягваюць сеяць жыта, пшаніцу, грэчку, уменне карыстацца сярпом перадаецца як важны навык.
За вакном быццам ліецца чароўная музыка – шумяць працуючыя камбайны: карыстаючыся кожным сонечным дзянёчкам, хлебаробы не спыняюць працу нават ноччу. Краіна назапашваецца хлебам, а ён, спечаны са свежай мукі, – найсмачнейшы! І вось, слухаючы гэтую песню, узгадала незабыўнае – як вучылася ад маці жаць.
© Sputnik / Саид Царнаев / Перайсці ў медыябанкБыццам ліецца чароўная музыка – шумяць працуючыя камбайны

Быццам ліецца чароўная музыка – шумяць працуючыя камбайны
© Sputnik / Саид Царнаев
/ Займаючыся вясковай гаспадаркай, у канцы мінулага стагоддзя бацькі, даючы адпачыць зямлі ад бульбы, рэгулярна "мянялі" поле. Гэта значыць, што час ад часу на агародзе красавалася жыта, пшаніца і нават трыцікале. Жытнёвыя памеркі былі невялікія, таму падчас жніва велізарнаму камбайну там няма чаго было рабіць, але сярпу і жнеям работы хапала.
У памяці паўстае жнівеньская гарачыня, куслівыя насякомыя і серп у дзявоцкіх руках. Далей – кароткі інструктаж па тэхніцы бяспекі і майстар-клас ад маці па жніву, вязанню праслаў, складанню снапоў у копы. І, вядома, самы першы сноп, упрыгожаны кветкамі і яркімі стужкамі на покуці. Яго заўсёды трымалі да Калядаў, каб дабрабыт не пакідаў хату на працягу года.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПадчас жніва

Падчас жніва
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У той ужо далёкі час – напярэдадні ХХІ стагоддзя – уся гэтая праца здавалася недарэчнай. Каменны век ды й годзе! І, тым не менш, тыя веды ў жыцці аказаліся не лішнімі, хаця б для таго, каб пасля распавядаць аб жніве з веданнем справы.
Сушыць збожжа пасля жніва пры зменлівым беларускім надвор’і таксама было нялёгка. І ў калгасе, дзе зерне ссыпалі ў вялікі свіран, сяляне яго варушылі адмысловымі драўлянымі лапатамі, падобнымі да тых, якімі ў печ садзяць бохан хлеба.
Пачатак і завяршэнне жніва заўсёды былі абстаўлены з вялікай урачыстасцю, бо першы хлеб чакалі, як дарагога госця. Каб падкрэсліць значнасць моманту, гэты хлеб клалі на прыгожа вышыты ручнік і ўвогуле ўсю хату прыбіралі асабліва святочна.
© Sputnik / Альфред МикусБеларускі хлеб

Беларускі хлеб
© Sputnik / Альфред Микус
"На Лаўрына спяшайся да млына…"
Як даўней, так і цяпер хлеб займае галоўнае месца на стале кожнага беларуса. У свядомасці народа ежа без хлеба лічыцца "пустой", не пажыўнай, бо, як казалі продкі: "Без хлеба яда – да парога хада".
І спраўды, з нагоды "свята новага хлеба" сяляне заўсёды ладзілі застолле, а на яго запрашалі сваякоў і сяброў, якіх частавалі не толькі "першым боханам", але ж і стравамі з маладой агародніны і жнівеньскіх грыбоў, якіх гэтым часам багата ў лесе. Асабліва смачнымі лічыліся вясковыя "калдуны", варыянтаў прыгатавання якіх у Беларусі безліч.
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская"На Лаўрына спяшайся да млына…"

"На Лаўрына спяшайся да млына…"
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Так, вандруючы па Беларусі ў пошуках старажытных кулінарных вынаходак, аднойчы ў Брэсцкай вобласці быў знойдзены цікавы рэцэпт "калдуноў", якія ў вёсцы Пасінічы (на Піншчыне) называюць "палюбэнікі" і гатуюць менавіта ў час жніва.
Палюбэнікі
З чаго гатаваць.
Для начынкі:
1 кг бульбы,
200 г лясных грыбоў,
1-2 цыбуліны,
50 г алею,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрыбы для стравы

Грыбы для стравы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Для цеста:
500 г мукі,
1 яйка,
1 шк.вады,
50 г алею,
0,5 ч. л. солі.
Для засквары:
1 цыбуліна,
50-100 г сала.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДля палюбэнікаў таксама спатрэбіцца маладая бульба

Для палюбэнікаў таксама спатрэбіцца маладая бульба
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Абабраць і зварыць бульбу, стаўчы. Грыбы і цыбулю нашаткаваць і падсмажыць на тлушчы (алеі). Перамяшаць з бульбай.
У муку ўсыпаць соль, перамяшаць, дадаць ваду, яйка і алей. Замясіць нетугое цеста, паставіць на 30 хв. у халоднае месца.
Цеста раскачаць тонкім слоем і нарэзаць шклянкай кружкі. Адступіўшы ад краю, пакласці на цеста шарыкі начынкі, затым край цеста зашчыпаць. Апусціць палюбэнікі ў кіпячую падсоленую ваду і варыць 7-8 хв.
Нарэзаць сала кубікамі і падсмажыць з дробна накрышанай цыбуляй.
Перад падачай паліць палюбэнікі заскварай.
Добрага жніва і смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПалюбэнікі

Палюбэнікі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"Госць на парозе – Бог…", або Гастрафэст па-вясковаму
Клецкія прысмакі ў касавіцу, або Традыцыйны абед па-палаўковіцку
"На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае…", або Беларускі халаднік ад Радзівілаў да Капыля