Свята райскай садавіны, або Гатуем з яблыкамі на Другі Спас
09:08 19.08.2025 (абноўлена: 09:56 19.08.2025)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПачастункі на Яблычны Спас

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае народныя традыцыі святкавання Вялікага Спаса, раіць уважліва прыглядацца да святочных прыкмет і прапануе прыгатаваць куразянку і печаныя з брусніцамі яблыкі па старажытных беларускіх рэцэптах.
І вокам міргнуць не паспелі, як амаль прамінула лета! Здаецца, нядаўна святкавалі Сёмуху, ушаноўвалі маладую зеляніну, дбалі пра будучы ўраджай – і вось ён ужо ападае пад ногі спелымі яблыкамі.
19 жніўня адзначаецца Яблычны Спас, які таксама мае і іншыя назвы – Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас, Іспас. У хрысціянскай традыцыі Другі Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга і пэўна таму й завецца Вялікім. Згодна ж з народнымі звычямі, яго яшчэ называюць Яблычным.
© Sputnik / Мария АмелинаЯблычны Спас

Яблычны Спас
© Sputnik / Мария Амелина
Шанаванне Вялікага Спаса
Традыцыйна Вялікі Спас – свята садавіны, пасля якога ўжо можна ласавацца яблыкамі, грушамі, слівамі. Цяпер усё гэта можна набыць у краме на працягу года, а даўней да гэтага свята сялянам не дазвалялася ўжываць у ежу яблыкі з уласнага саду.
Толькі напярэдадні свята гаспадар збіраў у кошык самыя лепшыя плады, каб раніцай асвяціць іх у царкве. І тады ўжо яблыкі можна было есці – колькі хочацца, што адлюстравалася ў даўнім народным выслоўі:
"Добра яблычка к Іспасу".
© Sputnik / Альфред МикусНапярэдадні свята гаспадар збіраў у кошык самыя лепшыя плады, каб раніцай асвяціць іх у царкве

Напярэдадні свята гаспадар збіраў у кошык самыя лепшыя плады, каб раніцай асвяціць іх у царкве
© Sputnik / Альфред Микус
Цікава, што, ідучы з царквы, асвечанымі яблыкамі частавалі родзічаў, суседзяў, ды нават падарожных. А яшчэ іх абавязкова пакідалі на магілках блізкіх.
Таксама існавала павер’е, што жанчынам, у якіх папярэдне паміралі дзеці, нельга каштаваць да Іспасу яблыкі, грушы, агрэст і струкавую агародніну. Згодна з народнымі ўяўленнямі, у гэты дзень Божая маці раздае на нябёсах усім памерлым дзецям па яблычку, а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх да тэрміну, пачастунку не дастанецца.
Асвячалі на Спаса і каласы новага ўраджаю. На вёсцы лічылі, што ў гэты час, як правіла, жніво набліжаецца да завяршэння, і сяляне пачынаюць падлічваць ураджай хлеба перад восеньскай парой:
"Спас – досыць хлеба ў нас".
На Вялікі Спас таксама шырока наладжваліся кірмашы, дзе сяляне традыцыйна прадавалі агародніну новага ўраджаю, мёд ды выпечку са свежай мукі.
© Sputnik / Альфред МикусНа Яблычны Спас у мястэчках праводзіліся багатыя кірмашы

На Яблычны Спас у мястэчках праводзіліся багатыя кірмашы
© Sputnik / Альфред Микус
Другі Спас – для прыкмет час!
Халодныя росныя ночы падказваюць, што зусім хутка надыдзе восень. І, хоць наперадзе яшчэ сонечны верасень, на Спаса сяляне пачыналі развітвацца з летам:
"Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас",
а таксама
"Прышоў Пятрок – сарваў лісток; прышоў Ілля – сарваў два; прышоў Спас – нарваў у запас".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСпасаўка-ласаўка

Спасаўка-ласаўка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У народзе Яблычны Спас лічылі днём адлёту буслоў. Так, існавала прыкмета, што калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Вялікім Святам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а наступная вясна цяплейшая, калі ж пасля Спаса – восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная.
Але ж прыкметы прыкметамі, а у полі яшчэ трэба працаваць, бо працягваецца жніво і іншыя палявыя работы. Мабыць таму, у народных песнях Вялікі Спас паўстае як надзейны апякун і памочнік селяніна ва ўсіх яго справах гэтай пары.
Водар яблычных страў
Працуючы на сваіх і калгасных палетках, амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя жанчыны мусілі браць "у поле" сваіх дзяцей, бо дзіцячыя садкі і яслі ў сельскай мясцовасці з’явіліся пазней. Вядома ж, калі ў хаце была бабуля, то за няньку заставалася яна.
© Sputnik / Мария АмелинаДзеці каштуюць яблыкі

Дзеці каштуюць яблыкі
© Sputnik / Мария Амелина
Куразянка
З аповеда жыхаркі вёскі Хатынічы (Ганцавіцкі раён Брэстчыны) Чыркун Людмілы, яе бабуля гатавала для дзетак смачны пірог з яблыкамі – "куразянку".
З чаго гатаваць:
200 г кукурузнай мукі,
280 г манных круп,
1 л смятаны,
1 ч. л. соды,
200 г цукру,
150-200 г сухіх яблыкаў,
50 г алею,
100-150 г мёду,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСухія яблычныя долькі заліваюць цёплай вадой, каб яны набрынялі

Сухія яблычныя долькі заліваюць цёплай вадой, каб яны набрынялі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Сухія яблыкі заліць цёплай вадой і даць набрыняць. Перамяшаць кукурузную муку, манку і цукар. У невялікай колькасці смятаны пагасіць соду, дадаць у астатнюю смятану, пасаліць і выліць усё ў муку.
Замясіць не тугое цеста. Палову яго выліць у падагрэтую і змазаную алеем форму. На цеста пакласці парэзаныя яблыкі і, заліўшы іх астатнім цестам, выпякаць у печы (духоўцы) 40 хв. пры тэмпературы 190 градусаў.
Спечаную куразянку паліць мёдам і аздобіць галінкай свежай мяты. Падаваць з яблычным узварам, гарбатай або малаком.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯблычны пірог – смачная куразянка!

Яблычны пірог – смачная куразянка!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Яблыкі, печаныя з брусніцамі
Таксама гэтым часам у лесе выспяваюць брусніцы, і традыцыйна з імі пякуць яблыкі.
З чаго гатаваць:
8 яблыкаў,
1 шк. брусніц,
0,5 шк мёду (цукру),
2 ст. л. цукровай пудры.
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяДля стравы ў яблыкаў трэба выдаліць асяродак

Для стравы ў яблыкаў трэба выдаліць асяродак
© Sputnik / Людмила Янковская
Як гатаваць. Яблыкі памыць, выдаліць асяродак. Змяшаць асобна брусніцы са свежым мёдам (або цукрам) і запоўніць паглыбленне.
Яблыкі пакласці ў глыбокую патэльню (ці адмысловую форму), падліць крыху вады (каб яблыкі не палопаліся) і запячы ў печы (духоўцы).
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяЯблыкі з начынкай

Яблыкі з начынкай
© Sputnik / Людмила Янковская
Падаваць з салодкім малаком.
Аладкі з яблыкамі
З чаго гатаваць:
2 шк. мукі,
2-3 яблыкі,
0,75 шк. кіслага малака,
1 яйка,
1 ст. л. цукру,
алей для смажання,
0,5 ч. л. соды,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАладкі

Аладкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Яблыкі разам са скуркай натаркаваць на буйной тарцы, дадаць яйка, цукар, кіслае малако, соду, муку, соль.
Вымясіць цеста і лыжкай выкласці на разагрэтую з алеем патэльню. Абсмажыць аладкі з абодвух бакоў.
З Яблычным Святам і смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГаспадыні з яблычным пірагом

Гаспадыні з яблычным пірагом
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Медзяны Спас, або Як прывабіць Спарыша стравамі з мёду, маку і морквы
Кулінарныя традыцыі ў жніво, або Энікі-бэнікі… гатуй "палюбэнікі"!
"Госць на парозе – Бог…", або Гастрафэст па-вясковаму