Запрашаем на Багач, або Час вялікага каравая і вясельнага пірага
© Sputnik / Альфрэд МікусБагач

© Sputnik / Альфрэд Мікус
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае пра восеньскія традыцыі святкавання Багатухі, успамінае асаблівасці падрыхтоўкі будучага сялянскага вяселля і прапануе пачаставаць гасцей на Другую Прачыстую духмяным пірагом з яблыкамі ды старажытным караваем па-пружанску.
Бадай, самае прыгожае свята восені, свята ў гонар сабранага ўраджаю – Багач. Амаль завяршыліся палявыя работы і ўжо бачна, што беларусы з добрым ураджаем. Асабліва радуюцца новым здабыткам земляробы і ўсе тыя, хто свае выхадныя праводзіў у нястомнай працы на прысядзібным падворку або лецішчы.
Свечка для дабрабыту
У народным календары Багач мае шмат назваў, кожная з якіх тлумачыць важнасць урачыстасці. Мяркуйце самі: Багатнік, Багатуха, Малая Прачыстая, Гаспожка Багатая, Прачыстая, Другая Багародзіца, Другая Прачыста, Другая Спажа, Зельная. Гэтае заключнае свята збору ўраджаю святкуюць 21 верасня напярэдадні дня восеньскага раўнадзенства.
Як і многія значныя святы паводле Беларускага народнага календара, Багач здаўна быў прыгожа абстаўлены абрадавымі дзеямі, накіраванымі на забеспячэнне захавання дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу. І не дзіва, бо паводле павер’я Багач прыносіць у дом багацце і шчасце!
© Sputnik / Альфред МикусКалісьці Багач супольна адзначала ўся вёска

Калісьці Багач супольна адзначала ўся вёска
© Sputnik / Альфред Микус
Адначасова Багач – свята калектыўнае. У вясковай супольнасці кожны чалавек якім-небудзь чынам залежаў ад суседзяў і таму ў народным разуменні пажаданне вяскоўцам дабрабыту было роўным жадаць таго самага і сабе. Менавіта таму калісьці гэты дзень супольна адзначала ўся вёска. Напярэдадні Багача на агульным сходзе сяляне вызначалі лепшага ў гэтым годзе гаспадара і якраз ў яго хаце павінна было завершыцца сёлетняе свята.
Перш за ўсё, рабілі гэтак званы Багач, які ўяўляў сабой лубку з зернем, у сярэдзіну якога ставілася запаленая свечка. Дарэчы, запаленая такім чынам свечка ўспрымаецца, як правобраз Сонца-апекуна земляроба, якога імкнуліся ўшанаваць, каб мець дабрабыт на працягу года. Ужо пасля свята зерне з лубкі падмешвалася ў насенне, што павінна было спрыяць добраму ўраджаю ў будучым.
© Sputnik / Альфред МикусБагач уяўляў сабой лубку з зернем, у сярэдзіну якога ставілася запаленая свечка

Багач уяўляў сабой лубку з зернем, у сярэдзіну якога ставілася запаленая свечка
© Sputnik / Альфред Микус
Асвечанае ў царкве зерне для Багача кожны па жменьцы прыносіў сваё. У той хаце, дзе з мінулага года заставаўся Багач, рабілі новы, запрашалі святара і пасля набажэнства лубку з жытам (пшаніцай) і запаленай свечкай у суправаджэнні ўсіх жыхароў абносілі па вёсцы і абавязкова вакол статка. Далей Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты гаспадароў, якія ўсімі былі выбраны лепшымі ў гэтым годзе. Святар жа і ўсе, хто яго суправаджаў, запрашаліся для пачастунку ў кожнай хаце!
На Зельную чакай пару вясельную!
Ад цяжкіх работ пад восень сяляне і асабліва жанчыны моцна стамляліся. Часам продкі казалі:
"Да Багача баба рабача, па Багачы – хоць за плот валачы".
Таму ў гэты дзень імкнуліся адпачыць ад гаспадарчай працы, хадзілі адзін да аднаго ў госці, наладжвалі кірмашы і гулянні, на якіх хлопцы выглядалі дзяўчат, а дзяўчаты – знаёміліся з хлопцамі, куплялі чырвоныя хусткі і пацеркі ды чакалі ў госці жаніхоў. Гэта было дарэчы, паколькі ў некаторых мясцінах Беларусі вяселлі ладзіліся пераважна ўвосень да Каляднага посту.
© Sputnik / Альфрэд МікусПасля Багача ў некаторых мясцінах Беларусі ладзілі вяселлі

Пасля Багача ў некаторых мясцінах Беларусі ладзілі вяселлі
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Блізкія абавязкова наведвалі маладых, якія ажаніліся ў мінулым годзе і толькі пачалі гаспадарыць. Новым сваякам неабходна было замацаваць добрыя ўзаемаадносіны паміж сем’ямі сватоў, паміж нявесткай і бацькамі мужа і наадварот. Сабраўшыся разам, госці павінны былі хваліць і адначасова павучаць маладую сям’ю.
У сваю чаргу маладыя гаспадары з асаблівай гасціннасцю віталі сваякоў і суседзяў: багата накрывалі стол і запрашалі ўсіх пакаштаваць плады новага ўраджаю – лічылася, што чым шырэй святкуецца Багач, тым болей шчасця й багацця прыйдзе ў хату. Дарэчы, галоўнай стравай на святочным стале быў не проста хлеб, а вялікі, прыгожа аздоблены "цацкамі" (фігуркамі з цеста) каравай.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКаравай аздабляўся "цацкамі" – фігуркамі з цеста

Каравай аздабляўся "цацкамі" – фігуркамі з цеста
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Што ж, добрая нагода адзначыць свята пірагом!
Багач на тыдзень
Часта здаралася, што Багач святкавалі на працягу цэлага тыдня – чым больш ураджайным было лета, тым больш працяглым было свята.
Можна толькі ўявіць, колькі часу прыходзілася гаспадыням стаяць ля печы! Да гэтага дня гатавалі разнастайныя стравы з гародніны і мяса, традыцыйныя вясковыя напоі ды выпякалі святочныя пірагі і хлеб.
© Sputnik / Альфрэд МікусДобрая нагода адзначыць свята пірагом!

Добрая нагода адзначыць свята пірагом!
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Выпечка каравая займае ад трох да чатырох гадзін і патрабуе вялікага спрыту. Наогул удалы каравай – вялікі гонар як для гаспадыні, так і для гаспадара, бо ад зярнятка, пасеянага ў зямлю, да вечка, пакрытага новым ручніком, каравай праходзіць вялікі шлях. І менавіта таму з караваем заўсёды сустракаюць дарагіх гасцей.
Каравай па-пружанску
З чаго гатаваць:
1 л малака,
100 г дражджэй,
2 кг мукі,
100 г сметанковага масла,
1-1,5 шк. цукру,
1 яйка.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСвяточны каравай

Святочны каравай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У цёплым малацэ развесці дрожджы, дадаць 100 г мукі і трошкі цукру, перамяшаць да стану густой смятаны, пакінуць рошчыну на паўгадзіны. Як паднімецца, дадаць цукар, масла і астатнюю муку. Замясіць тугое цеста. Калі будзе адставаць ад рук, пакінуць яго ў цёплым месцы, накрыўшы ў місцы ручніком. Як паднімецца зноў, абмяць і пакінуць, каб паднялося яшчэ раз.
Пасля гэтага цеста вымешваецца і выкладаецца ў змазаную маслам форму. З часткі цеста лепяць цацкі (ружы, каласкі і інш.) для каравая, якія накладаюць на яго паверхню і змазваюць узбітым яйкам.
Пякуць у загадзя напаленай печы 1-1,5 гадзіны.
Пірог з яблыкамі
З чаго гатаваць:
600 г дражджавога здобнага цеста,
1 кг яблыкаў,
1 шк. цукру,
350 г смятаны,
200 г пячэння.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯблычны пірог

Яблычны пірог
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Прыгатаваць здобнае дражджавое цеста (гл. як гатаваць цеста скараспелае). Раскачаць яго ў пласт памерам з форму, у якой будзе выпякацца каравай. Ачышчаныя ад скуркі і асяродка яблыкі нарэзаць скрылікамі і раскласці на цесце, пасыпаць цукрам, заліць смятанай і пасыпаць тоўчаным пячэннем. Запякаць у духоўцы пры сярэдняй тэмпературы.
Цеста скараспелае
З чаго гатаваць:
1 кг мукі,
40 г дражджэй,
400-450 г малака (вады),
2-3 яйкі,
50 г сметанковага масла,
1-2 ст. л. цукру,
1 ч. л. солі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЦеста для стравы

Цеста для стравы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У цёплым малацэ (ці вадзе) развесці дрожджы, дадаць цукар, соль, растопленае масла (вяршковы маргарын), яйкі. Усё перамяшаць да атрымання аднароднай масы, усыпаць муку і замясіць тугое цеста.
Даць цесту пастаяць 10 хв. і выкарыстоўваць.
Смачна есці ды багацець!
© Sputnik / Альфрэд МікусБагач

Багач
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Чытайце таксама:
Чаму на Сямёна комін жэняць, або Сакрэты пружанскага застолля
У госці да верасня, або Гатуем грыбныя далікатэсы на бабіна лета
Клецкія прысмакі ў касавіцу, або Традыцыйны абед па-палаўковіцку