"Узвіжанне з поля гародніну збірае…", або Святочныя прысмакі з бульбяным водарам
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБабовыя камы

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра гісторыю свята Узвіжання і народныя традыцыі, звязаныя з гэтым днём, а таксама раіць прыгатаваць старажытныя камы ды бульбяны расольнік з рыбай па вясковых рэцэптах.
За вялікай колькасцю вясковых спраў першы месяц восені праляцеў незаўважна. І вось ужо на парозе 27 верасня – дзень, калі адзначаецца народнае свята Здзвіжанне, або інакш Узвіжанне, Часнэйка. І хоць кожная з прыведзеных назваў мае сваё асаблівае тлумачэнне, аднак цалкам у народзе здаўна лічылася, што "закрыванне", "замыканне" зямлі на зіму здзяйсняе Усявышні праз птушак, якія, адлятаючы ў вырай, забіраюць з сабой ключы ад цёплага надвор’я на неба. Калісьці так і казалі:
"Уздвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла".
© Sputnik / Кирилл КаллиниковПтушкі адлятаюць у вырай

Птушкі адлятаюць у вырай
© Sputnik / Кирилл Каллиников
У хрысціянскія часы Узвіжанне стала адзначацца як вялікае двунадзясятае свята, якое асацыіравалася з падзеяй знаходжання Крыжа Гасподняга царыцай Аленай у ІV стагоддзі. У праваслаўным асяроддзі існавала паданне, згодна з якім царыца Алена, калі прыйшла на месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, убачыла там язычніцкі храм, пад ім глыбока пад зямлёй знайшлі тры крыжы. Але які сярод іх быў Крыж Гасподні? Высветлілася гэта незвычайным чынам: у той час памёр нейкі чалавек і Алена загадала па чарзе паднесці да памерлага тыя крыжы. Паднеслі адзін – нябожчык не ўстаў, паднеслі другі – зноў нічога, ды толькі калі паднеслі трэці крыж – памерлы ўваскрэс. Так царыца і даведаліся, што перад ёю Крыж Гасподні.
Традыцыйна ў гэты дзень веруючыя продкі наведвалі царкву і прытрымліваліся посту.
Сцерагчыся змей і сабраць агародніну
Адначасова забаранялася працаваць на зямлі і хадзіць у лес, каб знянацку не сустрэцца са змеямі, якія гэтым часам рыхтуюцца да зімовага сну. А каб змеі ніколі не кусалі, у народзе нават раілі на Узвіжанне ўдзень прылегчы спаць.
© Sputnik / Григорий Сысоев / Перайсці ў медыябанкНа Узвіжанне забаранялася хадзіць у лес, каб знянацку не сустрэцца са змеямі

На Узвіжанне забаранялася хадзіць у лес, каб знянацку не сустрэцца са змеямі
© Sputnik / Григорий Сысоев
/ Акрамя таго, у прадчуванні блізкіх прымаразкаў, агародніну, каб "мароз не пабіў", спяшаліся "здзвінуць", – гэта значыць паўбіраць з град у варыўні (цёплыя памяшканні) або бурты. Датычылася гэта і бульбы, калі дагэтуль яе не паспявалі сабраць з уласнага зямельнага надзелу, і іншых караняплодаў. З такой нагоды сяляне ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці казалі:
"К Уздзвіжанню нада ўсё убраць... Тады баба на печку дзвіг – і сядзіць зіму".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВясковая печ

Вясковая печ
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Бульбяныя прысмакі
На працягу гэтага спакойнага, часта сонечнага, дня продкі беларусаў ласаваліся поснымі стравамі, сярод якіх адпаведнае месца займалі і стравы са свежай бульбы. Вось некалькі старажытных рэцэптаў сялянскіх прысмакаў з бульбяным водарам.
Камы
З чаго гатаваць:
500 г бульбы,
500 г зярнят бобу (пасолі),
2 цыбуліны,
алей,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЛушчаны и сушаны боб

Лушчаны и сушаны боб
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Сухія бабы намачыць на ноч. Паасобку зварыць бульбу ў лушпаях ("мундзірах") і зерне бобу ці пасолі.
Хутка аблупіць бульбу, пасля зняць лушпаі з бобу (пасолю не абіраюць), патаўчы, пасаліць і добра перамяшаць. Зляпіць з бабова-бульбянай таўканіцы галушкі (камы) і паліць іх падсмажанай на алеі цыбуляй (не ў пост да цыбулі дадавалі нарэзанае дробнымі кубікамі сала).
Падаваць з салёнымі агуркамі, можна й з грыбамі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКамы з цыбуляй ды агуркамі

Камы з цыбуляй ды агуркамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Таўчонік
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
1 шк. ячнай мукі,
100 г алею,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульба вараная

Бульба вараная
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зварыць бульбу ў "мундзірах", аблупіць, стаўчы гарачай, пасаліць і перамяшаць з ячнай мукой.
Цеста выкласці на разагрэтую і змазаную алеем патэльню, якую можна абсыпаць тоўчанымі сухарамі. Запякаць 30-40 хв. да ўтварэння румянай скарынкі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСапраўдны таўчонік

Сапраўдны таўчонік
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Расольнік з рыбай
З чаго гатаваць:
500 г дробнай рачной рыбы,
2 салёныя агуркі,
2-3 бульбіны,
2 ст. л. буйных ячных круп,
1 морква,
1 цыбуліна.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРасольнік з рыбай

Расольнік з рыбай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зварыць асобна ячныя крупы, заліць іх кіпенем, дадаць цыбуліну, крышаную моркву, праз 10 хв. – нарэзаную кубікамі бульбу, а таксама скрылікі салёнага агурка, ачышчанага ад скуркі.
Праз 10-15 хв. пакласці падрыхтаваную дробную рачную рыбу (калі яе няма, то можна ўжываць любую іншую) і варыць да яе гатоўнасці.
Са святам і смачна есці!
Чытайце таксама:
Запрашаем на Багач, або Час вялікага каравая і вясельнага пірага
Чаму на Сямёна комін жэняць, або Сакрэты пружанскага застолля
У госці да верасня, або Гатуем грыбныя далікатэсы на бабіна лета