"Мікола не сядзе абедаць без грыба…", або Майскія стравы з водарам каласавікоў

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра асаблівасці святкавання пастуховага дня ў старадаўняй беларускай вёсцы і раіць прыгатаваць па традыцыйных рэцэптах адмысловую яечню з радоўкамі ды грыбную смажонку па-мядзельску.
Амаль завяршыўся май. Праз галінкі прыбраных у квецень яблынь цёплай усмешкай пазірае лета. Цёпламу надвор’ю і сакавітым майскім травам радуецца невялікі вясковы статак кароў. Каля яго шпарка скача пліска, якую ў народзе клічуць "пастушачкай". Яна бы нагадвае, што сёння – 22 мая, Мікола, які калісьці быў пазначаны як дзень пастуха. Аднак жыццё сучаснай вёскі памянялася – і цяпер не так часта ўбачыш на сельскім выгане чалавека з пугай і пастуховай трубой.

Праз галінкі прыбраных у квецень дрэў цёплай усмешкай пазірае ўжо хуткае лета
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Традыцыі пастуховага свята
Наогул раней лічылася, што да гэтага дня на двары яшчэ пануе няўстойлівае, халоднае надвор’е, таму продкі раілі стрыгчы і выганяць на пашу авечак менавіта толькі пасля Міколы. На само ж свята беларуская вёска гула ад бадзёрасці і працоўнага настрою! І тон задавалі самі пастухі – на досвітку яны наведвалі хаты аднавяскоўцаў, дзе іх частавалі і адорвалі яйкамі. Ужо пасля гэтыя яйкі смажыліся проста на полі.
Існаваў на Міколу ў некаторых беларускіх мястэчках і такі звычай: у ноч напярэдадні абкурвалі коней ды валоў асвечанымі ў царкве зёлкамі, а потым абыходзілі вакол іх з яйкам. Лічылася, што пасля такіх магічных дзеянняў жівёлу немагчыма будзе сурочыць і яна быццам стане нябачнай для вядзьмарак і дзікіх звяроў. Цікава, што абрад часам завяршаўся рытуальным абедам з яечняй ды моцнымі напоямі (накшталт гарэлкі).

Сакавітым майскім травам радуецца невялікі вясковы статак кароў
© Sputnik / Алексей Даничев
/ Аднак у большасці вёсак на Міколу усё ж такі працавалі. Нездарма ж пра святога Мікалая ў народных песнях калісьці спявалі, што ён:
"Па межах ходзіць, усё родзя, траву росціць і скот пасціць".
Таму і сяляне ў гэты дзень пераважна хадзілі ў поле – пасвіць каровак ды аглядаць пасевы жыта. Дружныя ўсходы радавалі вока і сэрца сейбіта. Калі ж поле было плямістым, то вінаваціўся ў недародзе папярэдні апякун, якім быў Барыс. Тады вяскоўцы казалі:
"Мікола біў Барыса, што парабіў жыта лыса".
А йшчэ бывала, калі побач з полем быў лес – шукалі майскія грыбы, якія з’яўляліся гэткай парой. У народзе іх называлі "маёвачкамі" ці "мікольнымі" грыбамі. З такой нагоды да нашых дзён захавалася наступнае выслоўе:
"Мікола не сядзе абедаць без грыба".
Такое ціхае паляванне ў маі мела свой адмысловы сакральны сэнс, бо продкі верылі, што "калі родзяць грыбы, то і жыта зародзіць".

Грыбы ў кошыку
© Sputnik / Людмила Янковская
З грыбным смакам за сталом
Што за грыбы з’яўляюцца ў маі? Звычайна гэта першыя баравікі, якія растуць менавіта тады, калі ў жыце пачынае выплываць колас. Іх яшчэ называюць "каласавікамі".
Але, каб пад’есці першых грыбоў, не абавязкова ісці ў лес – страўныя майскія грыбы можна знайсці нават у яблыневым садзе каля хаты. У гэты час у густой траве пад дрэвамі паказваюць свае шэрыя капялюшыкі майскія радоўкі, якія вядомы і пад іншай назвай – "георгіеўскі грыб".

Георгіеўскі грыб
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Растуць яны (як і іх восеньскія сёстры) вялікімі сем’ямі. Таму, калі пашанцуе, гэтых салодкіх і духмяных грыбоў, падобных па смаку да вешанкі, можна назбіраць адразу на некалькі старажытных беларускіх страў.

Майскі грыб адвараны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Смажаніна грыбная
З чаго гатаваць:
500 г свежых грыбоў,
2 цыбуліны,
2 бульбіны,
50-70 г сметанковага масла,
2-3 ст. л. смятаны,
зеляніна (па патрэбе),
соль (да смаку).

Грыбная смажаніна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Нарэзаць пачышчаныя і добра вымытыя грыбы, смажыць іх на сухой патэльні да поўнага выпарэння соку.
Дадаць сметанковае масла, нарэзаную кубікамі бульбу і дробна скрышаную цыбулю, пасаліць. Увесь час мяшаючы, давесці да гатоўнасці на сярэднім агні. Затым дадаць смятану, перамяшаць, давесці да кіпення і зняць з агню.
Перад падачай пасыпаць зелянінай кропу.
Яечня з грыбамі
З чаго гатаваць:
500 г свежых грыбоў,
3-4 яйкі,
2-3 ст. л. сметанковага масла,
чорны молаты перац (па патрэбе),
соль (да смаку).

Грыбная яечня для Міколы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Нарэзаць тонкімі скібкамі грыбы. Патушыць іх у сметанковым масле да мяккасці, дадаць соль і перац.
Укласці грыбы ў глыбокую патэльню, пакінуўшы ў масе ямкі. У ямкі выпусціць па яйку і запячы ў печы (духоўцы).
Смажонка з грыбоў па-мядзельску
З чаго гатаваць:
500 г свежых грыбоў,
70 г свінога тлушчу,
4-5 сярэдніх бульбін, звараных у лушпінах,
чорны молаты перац (па патрэбе),
соль (да смаку).

Смажонка грыбная
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Падрыхтаваныя грыбы адварыць у падсоленай вадзе (або абліць варам у друшляку), парэзаць.
На гарачай патэльні растапіць тлушч, пакласці грыбы, крыху падсмажыць і дадаць накрышанай бульбы без лушпін. Смажыць да залацістай скарынкі, пасаліць і паперчыць.
Падаваць з чорным хлебам і сыраквашай.
Смачна есці!

Майскі грыб у траве
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Панцак здабыць – не поле перайсці, або Старадаўнія прысмакі з "глазуткі"
"Зямля выспявае – крапіва буяе…", або Красавіцкія клопаты ля ачага з пякучым пустазеллем
"Вясна-красна, жоўты пакос…", або Карысны ды смачны дзьмухавец на талерцы