"На Усціна лета ўдаецца…", або Час сунічных пацерак

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае цікавыя факты з гісторыі ўзнікнення гатункаў суніцы, распавядае пра лекавыя ўласцівасці гэтай чырвонай ягады і раіць прыгатаваць па старажытных беларускіх рэцэптах сунічна-малочны суп з аўсянымі шматкамі ды суніцы з тварагом.
14 чэрвеня ў народным календары пазначаны прысвятак Усцін (або Юстын) і Харытон. Лета набірае хуткасць і гоніць угору не толькі травы, але і зерневыя расліны. Назіраючы за тым, як яны набіраюць сілы, калісьці гэтым днём у народзе казалі:
"На Усціна лета ўдаецца –
Жыта добрым коласам нальецца",
а яшчэ
"Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон – лён".

"Харытон цягне лён..."
© Sputnik / Дмитрий Макеев
Дарэчы, буяе ўсё навокал. А ў лесе тым часам выспяваюць суніцы.
"Сунічная" гісторыя
Як толькі пачынае каласіцца жыта, у лесе на сонечных палянах з’яўляюцца першыя суніцы. І вось неўзабаве роснымі ранкамі бягуць па іх на паклон з кошыкамі жанчыны і дзеці, бо ўсім вядома гаючая моц гэтых, падобных да пацерачак, ягад. Сапраўды, вясковыя дзеці, калі траплялі ў лес без кубка, рабілі з суніц пацеркі, нанізваючы ягадкі на сцяблінку травы.
У гародзе таксама дбайныя гаспадыні ўжо збіраюць ураджай садовых суніц, якія часцей называюць трускалкамі і памылкова клубніцамі. Чаму памылкова? Ды таму, што клубніцы – гэта зусім іншая расліна, не падобная да суніц. Так, у клубніц плады дробныя, прадаўгаватыя, зеленаватыя ў цені і цёмна-фіялетавыя на сонцы. У суніцы ж садовай ягады буйныя, рознай формы, бела-ружовага колеру.

Суніцы з лесу
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З лесу ў агарод суніцы перабраліся ў глыбокай старажытнасці. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што гэта адбылося прыкладна ў ХІІ стагоддзі. Доўгі час у садах і на градах высаджвалі дробныя лясныя суніцы. Карціна памянялася тады, калі з Паўднёвай Амерыкі (а дакладней з Чылі) французскі падарожнік афіцэр Фрэзье прывёз некалькі кусцікаў суніц з вялікімі, духмянымі ягадамі светла-ружовага колеру. Адбылося гэта ў 1712 годзе. Але вось якое атрымалася "неўдалоцце": усе пяць кустоў былі з жаночымі кветкамі, і таму ягады не з’явіліся. Аднак каралеўскія садоўнікі скрыжавалі чылійскія суніцы з віргінскімі – больш дробнымі, але саладзейшымі і марозаўстойлівымі суніцамі, якія раней былі прывезены таксама з Амерыкі. Адсюль і пачалося трыумфальнае шэсце культурных гатункаў садовых суніц, якіх па сённяшні дзень налічваецца ўжо некалькі тысяч!

Суніцы садовыя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Паступова смачныя ягады трапілі ў іншыя краіны Еўропы і ў тым ліку Вялікае Княства Літоўскае, вельмі хутка захапіўшы сады пры маёнтках шляхты. У Расіі ж упершыню суніцы былі пасаджаны ў садзе цара Аляксея Міхайлавіча ў Ізмайлаве пад Масквой.
Крыніца вітамінаў і здароўя
У якасці лекаў і як крыніца вітамінаў суніцы – расліна ўніверсальная. Яе можна выкарыстоўваць цалкам: у справу ідуць ягады, лісце, кветкі і карані. Лісце сунічніку збіраюць ад мая і на працягу ўсяго лета, але самая лепшая гарбата атрымліваецца з лісточкаў, якія ў канцы жніўня і ў верасні пачынаюць чырванець. Лічыцца, што ў гэты час у іх назапашваецца найбольш цукру.
Лекавымі якасцямі валодаюць як садовыя, так і дзікарослыя суніцы. Праўда гаючыя ўласцівасці дзікарослых суніц лічацца больш моцнымі ды й смак у іх розніцца.
Народная медыцына здаўна раіла ўжываць плады суніц пры захворваннях страўніка, нырак, авітамінозах. Настой з лісця пілі пры агульным упадку сіл, малакроўі, а яшчэ пры хваробах печані, гепатыце, рахіце і нават гемароі.
Да таго ж саслабелых пасля хвароб дзяцей кармілі свежымі ягадамі з малаком і цукрам. А каб не было алергіі, якая часам здаралася ў малых, суніцы ўжывалі з мёдам ды смятанай.
Кухня з далікатным сунічным смакам
Суніцы – ягады вельмі далікатныя. Каб захаваць іх свежымі на некалькі дзён (ад трох да пяці), трэба ведаць наступныя правілы.
збіраюць суніцы ранішняй прахалодай;
у кошыкі ягады трэба сыпаць не больш за 2-2,5 кг;
ягады павінны быць крыху няспелымі, з плотнай кансістэнцыяй мякаці;
сабраныя ягады хутка змяшчаюць у холад;
захоўваюць суніцы ў лядоўні (раней апускалі ў склеп на крыгі з лёдам).
Дарэчы, свежыя суніцы дадаюць у розныя беларускія стравы, накшталт малочнага супу, тварожных дэсертаў і кампотаў.

Сунічныя смакалікі заўсёды займалі сваё месца на вясковым стале
© Sputnik / Альфрэд Мікус
А вось каб суніцы захаваліся на больш працяглы тэрмін, гэтыя ягады сушаць і перапрацоўваюць на сіропы, кісялі, варэнне, джэмы, мусы і іншыя прадукты.
Аднак у любой форме і якасці сунічныя смакалікі заўсёды займалі сваё непаўторнае водарнае месца на стале нашых продкаў.
Суп малочны з суніцамі
З чаго гатаваць:
150 г суніц,
2 шк. аўсяных шматкоў
1 ст. л цукру (мёду),
2 л малака.

Акрамя суніц у малочны суп можна дадаць і чарніцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Аўсяныя шматкі зварыць у малацэ. Дадаць суніцы, цукар ці мёд, перамяшаць. Даць пастаяць 5-10 хв.
Падаваць цёплым.
Суніцы з тварагом
З чаго гатаваць:
300 г ягад,
250 г мяккага тварагу,
0,5 шк. малака,
1 ст. л. лімоннага соку,
2 ст. л. цукру.

Тварог вясковы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Палову ягад выкласці на талерку, злёгку пасыпаць цукрам. Тварог расцерці з цукрам, малаком і лімонным сокам, ускалаціць да стану пены і пакласці на суніцы. Зверху на тварог пакласці астатнія ягады. Добра ахаладзіць.
Суніцы з кіслым малаком
З чаго гатаваць:
1 шк. суніц,
1 шк. кіслага малака (кефір, ёгурт),
1 ст. л. цукру,
1 ст. л. тварагу,
цэдра лімона.

Суніцы лясныя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Суніцы, кіслае малако (калі няма, то замест яго можно ўжыць кефір ці ёгурт), цукар, тварог і цэдру лімона ўзбіць да пены.
Удалай вандроўкі ў лес за суніцамі і смачна есці!
Чытайце таксама:
"Чэрвень – пралецця скон, а лета ў гон…", або Пажыўныя стравы для касцоў у спякоту
Панцак здабыць – не поле перайсці, або Старадаўнія прысмакі з "глазуткі"
"Вясна-красна, жоўты пакос…", або Карысны ды смачны дзьмухавец на талерцы