"Без напіткаў запасу – ні часу…", або Як наталіць смагу ў спякотны летні дзень

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае пра асаблівасці выкарыстання духмяных ліпеньскіх зёлак у беларускай кулінарыі і прапануе прыгатаваць папулярныя ў старажытнасці напоі з мацярдушкі, мелісы і мяты.
Сёлета – як ніколі – надвор’е сярэдняга месяца лета адпавядае народным назіранням, згодна з якімі, "ліпень, што спаліць агнямі, тое салье дажджамі".
І сапраўды, здаўна лічыцца, што ліпень – самы дажджлівы месяц лета з няўстойлівым надвор’ем, поўным як навальніц, так і спякотных дзён. Згодна з народным календаром у гэтым месяцы ёсць адпаведныя дні, якія так ці інакш звязаны з надвор’ем. Так, у самым пачатку месяца (дакладней 3 ліпеня) адзначалі дзень навальніц і чакалі грымот і маланак. З дажджамі звязаны і прысвяткі Самсон і Сем братоў (10 ліпеня). Назіраючы за надвор’ем у гэты дзень, калісьці продкі заўважалі:
"На Самсона дождж – сем тыдняў тож",
або
"На Самсона дождж – да бабіна лета мокра будзе",
а яшчэ
"Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".
У другой палове месяца, калі ўсталёўваюцца гарачыя, спякотныя дні, 21 ліпеня святкуюць Казанскую ці Градавы дзень, і продкавы каляндар зноўку засцерагае ад навальніц. Але непагадзі можа і не быць, бо гэтым жа днём узгадваюць Пракопа, які "бок прыпёк".

У спёку лічыцца за лепшае ўжываць прахаладжальныя напіткі
© Sputnik / Альфред Микус
Крыху пазней адзначаюць прысвятак Якуба (25 ліпеня), які ўсіх "грэе люба". Калісьці сяляне прыкмячалі:
"Які Якуб да паўдня, такая да снежная зіма".
Аднак лічылася, што калі ў гэты дзень пойдзе дождж, то вільгаць сапсуе жалуды, з якіх раней варылі не толькі каву, але і дадавалі іх у корм хатнім жывёлам. Праўда, цяпер гэта мала каго хвалюе: старых дубоў засталіся адзінкі, а ў даўнія часы Беларусь была багатая на вялікія дубровы.
Што ж, "дождж не ідзе, калі просяць, а калі жыта жнуць ды сена косяць…".
Але, як бы там ні было, да ліпеньскага надвор’я на вёсцы заўсёды прыстасоўваліся і карысталіся кожным сонечным днём для збору лекавых раслін ды касьбы са жнівом.
Рэцэпты выратавальнай вільгаці
Для тых, хто працуе на зямлі, лета – гарачая пара. Калі ж у спёку хочацца наталіць смагу, а ў садзе ягад няшмат і да спелых яблыкаў яшчэ далёка, на дапамогу спяшаюцца духмяныя зёлкі. У ліпеньскую гарачыню з іх гатавалі халодныя напіткі, квасы ды лекавыя настоі на гарэлцы. Нездарма ліпень лічыцца запаветным часам для нарыхтоўкі многіх лекавых раслін. Адны з іх сяляне здаўна збіралі ў лесе, а іншыя водарныя расліны – як, напрыклад, мацярдушку, мелісу і мяту – вырошчвалі ва ўласным агародзе. Мабыць таму, да нашых дзён захавалася некалькі добрых рэцэптаў вясковых напіткаў з гэтых раслін.
Мядовы напітак з "бабінай душыцы"
Мацярдушку звычайную ў народзе яшчэ называюць мацержанка, пчалалюб і бабіна душыца. Гэтая расліна з’яўляецца блізкай сваячкай маярану, а яе маладую зеляніну (вядомую ўсім як oregano) з даўніх часоў шырока выкарыстоўваюць у кулінарыі: пакрышанае лісце ўзбагачае смакавыя якасці страў з бульбы, бабовых, яго дадаюць у мяса і каўбасы, ужываюць пры саленні агуркоў, сушаную мацярдушку вараць у кампотах у марлевых мяшэчках (якія пасля выкідаюць), а таксама гатуюць на яе аснове квас і напоі з мёдам.

Мацярдушка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць:
50 г сушанай мацярдушкі,
3 л вады,
150 г мёду.

Напітак з мацярдушкай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Закіпяціць ваду, укінуць сушаную мацярдушку ў мяшэчку. Затым зняць з агню і настойваць 2-3 гадз.
Пасля дастаць мяшэчак з зёлкамі, дадаць мёд і перамяшаць. У канцы разліць у бутэлькі і добра ахаладзіць.
Напой з курагой і мацярдушкай
З чаго гатаваць:
5 шк. вады,
3 яблыкі,
1 ст. л. курагі,
1 ч. л. молатай мацярдушкі.
Як гатаваць. Яблыкі парэзаць на кавалачкі і зварыць напалову. У яблычны адвар усыпаць мацярдушку, кіпяціць 5-6 хв.
Гатовы напой працадзіць, дадаць загадзя прамытую і намочаную курагу і кавалачкі яблыкаў.
Салодкая гарэлка з мелісы
Назва мелісы перакладаецца з грэчаскай мовы як пчала. Менавіта адсюль з’явіліся народныя назвы гэтай карыснай расліны – пчальнік, мядоўка або мядовы чаравічак.
Меліса здаўна шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне, касметалогіі і ў кулінарыі. Яе маладое сухое і свежае лісце ўжываюць у якасці прыправы да супоў, дзічыны, рыбы, страў з грыбамі, салатаў, у падлівах, а таксама ў кампотах і шматлікіх напітках. Так, напрыклад, эфірны алей мелісы калісьці высока цаніўся пры вытворчасці салодкай гарэлкі – "мелісаўкі", яе выраблялі са свежай мелісы, якую вытрымлівалі ў спірце разам са свежымі скуркамі лімона.

Меліса
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, салодкая гарэлка – традыцыйны "жаночы" слабаалкагольны напітак, які ўжывалі падчас вялікіх сямейных урачыстасцей. У беларускіх мястэчках падобны напітак выраблялі з гарэлкі, запраўленай водарнымі спецыямі, мёдам ці цукрам.
З чаго гатаваць:
20 г сушанай мелісы,
200 г цукру,
1 шк. вады,
1 л гарэлкі.

Салодкая гарэлка з мелісы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Мелісу заварыць 1 шк. кіпню, настаяць 15-20 хв. Затым працадзіць, распусціць цукар і дадаць гарэлку.
Мятны напітак
Яшчэ ў Старажытным Рыме лічылася, што водар мяты падымае настрой і спрыяе прыемнай гутарцы за абедам, таму ёю да прыходу гасцей націралі сталы. У Беларусі ж здаўна лічаць за лепшае выкарыстоўваць гэтую рэзкую з ахаладжальным эфектам расліну пераважна для кулінарных мэт, а таксама ў народнай медыцыне ды касметалогіі. Сярод існуючых разнавіднасцей мяты – перцавая (ці садовая), сабачая і глухая (або дзікарослая) – для прыгатавання часцей ужываюць перцавую.

Мята перцавая
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Безумоўна, свежае і сушанае лісце, суквецці мяты – цудоўны дадатак да страў з гародніны, мяса і рыбы. Дадаюць іх у салаты і вінегрэты. Да таго ж, лісце і эфірны алей выкарыстоўваюць для араматызацыі падліў з садавіны, замарожаных напіткаў, соусаў, жэле, воцату, хлебнага квасу, кандытарскіх вырабаў і нават моцных напояў.
З чаго гатаваць:
20 г мяты,
50 г цукру,
1 ст. л. соку журавін,
1 л вады.

У гэты мятны напітак можна таксама дадаць кавалачкі яблыкаў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Мяту заварыць кіпенем. Праз 5 хв. працадзіць праз сіта, дадаць цукар і сок журавін
Перад падачай ахаладзіць.
Смачнай вільгаці ў спякотны дзень!

Мацярдушка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Містыка летняга сонцастаяння і чароўны "пераварот", або Стравы на купальскі абрус
"На Усціна лета ўдаецца…", або Час сунічных пацерак
"Чэрвень – пралецця скон, а лета ў гон…", або Пажыўныя стравы для касцоў у спякоту
