"Агурок на талерку скок…", або Хрусткая кулінарыя заўсёды ў пашане

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца гісторыяй паходжання звыклых беларускіх агуркоў і прапануе прыгатаваць па незвычайных рэцэптах старажытны агурочны халаднік па-загацку ды смажаныя да мяса агуркі па-берасцейску.
На думку нашых продкаў, ліпень – макаўка лета, і ў ім валадарыць багіня Грамаўніца. Як жонка бога грымот і маланак Перуна і сапраўдная гаспадыня ў нябеснай хаце яна час ад часу шчодра палівае дажджамі прагрэтую ў пачатку месяца зямлю. А тая ўжо пачала дзякаваць за працу, укладзеную ў яе з вясны. Нездарма ж кажуць:
"Хто вясною ножкай коп, той улетку ручкай хоп!"
Цеплыня і вільгаць спрыяюць росквіту раслін і выспяванню разнастайных пладоў. Асабліва прывабна пад сонечнымі промнямі зранку выглядаюць градкі з вясковымі агуркамі, якія так і просяцца на талерку.

Агурок на градах
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ад азіяцкіх плантацый да палескіх градак
Бадай, няма абеду ці ўрачыстай бяседы без страў з агуркамі. Іх ядуць свежымі, салёнымі, марынаванымі, дадаюць як інгрэдыент у розныя стравы, гатуюць дэсерты, напіткі, падаюць як гарнір да мяса і, зрэшты, агуркамі нават лекуюцца.
Дарэчы, гэтая агародніна расце побач з чалавекам ужо некалькі тысячагоддзяў. І хоць многія і не ведаюць, калі і адкуль з’явіліся агуркі на беларускіх землях, аднак вясковая гаспадыня, якая не пасеяла ў сваім агародзе агуркоў, для суседак выглядае бы непаразуменне.
На думку некаторых даследчыкаў, радзімай агурка лічаць Індыю, дзе яго вырошчвалі яшчэ за 3 тыс гадоў да нашай эры. Там у прыродзе агурочныя ліяны дасягаюць 15 – 20-метровай даўжыні! Іншыя ж сцвярджаюць, што агуркі пайшлі з субтропікаў Усходняй Азіі, дзе і зараз можна сустрэць іх дзікіх родзічаў. Імаверна адтуль яны трапілі да татар, а з імі, як зацятымі агароднікамі, апынуліся і на нашых землях. Увогуле лічыцца, што славяне пазнаёміліся з агуркамі ў Сярэднявеччы, пераняўшы назву ад грэкаў: магчыма грэчаскае "агурас" паходзіць ад слова "аорас", што значыць "няспелы".

Гэтая агародніна расце побач з чалавекам ужо некалькі тысячагоддзяў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Продкі ж сцвярджалі, што самыя смачныя агуркі – першыя і апошнія. Вядома ж, самыя смачныя агуркі, па словах жыхароў вёскі, гэта "маладыя" і "толькі з градкі". Менавіта іх найчасцей ядуць свежымі і ўжываюць пры кансервацыі.
І, тым не менш, ёсць і іншыя звычкі есці агуркі, як кажуць у народзе: "Што ні край, то звычай". Напрыклад, у ХІХ стагоддзі сяляне рэчыцкага Палесся лічылі, што самыя смачныя – пераспелыя агуркі. А вось зялёныя агуркі, якія сёння прынята есці, лічыліся ў палешукоў горшымі і называліся "нямецкімі" (маўляў, "чужыя звычкі", бо "нашы так не робяць").
Як бы там ні было, але і цяпер першыя агуркі прыходзяць у крамы нашых гарадоў з Палесся, якое здаўна з’яўляецца лідарам па іх вырошчванні.
Лекавая карысць агуркоў
З часоў Гіпакрата за агуркамі замацавалася слава лекавай расліны. Ад тых часоў народная медыцына выкарыстоўвае не толькі плады і сок з іх, але і скурку, насенне і нават кветкі.

Агурочны цвет і агуркі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Агуркі ўтрымліваюць шмат солей фосфару, калію, магнію, жалеза і мікраэлементаў медзі, марганцу, кобальту, цынку ды ёду. Цікавы факт, што жалеза ў агурках болей, чым у суніцах, вінаградзе і парэчках! Да таго ж, большасць біялагічна актыўных рэчываў знаходзіцца пад лупінай, таму есці агуркі варта, не здымаючы верхняга слоя.
Калій, які ёсць у агурках, садзейнічае вывядзенню з арганізма вады і хлорыстага натрыю, што карысна тым, хто хворы на сэрца і ныркі. Павялічваюць агуркі і аддзяленне жоўці, чым спрыяюць лепшаму засвойванню бялкоў, тлушчаў і іншых неабходных арганізму пажыўных рэчываў. Таму звычка есці салёнае сала з хлебам і свежым агурком цалкам правільная!
Найбольшым лекавым эфектам валодае агурочны сок, асабліва пры падагры, паколькі спрыяе вывядзенню з арганізма мачавой кіслаты. П’юць яго свежым па ¼ шк. 2-3 разы на дзень, можна падсаладзіўшы мёдам.
А яшчэ тыя, хто ў дзень здольны з’ядаць да 500 грамаў толькі сарваных з град агуркоў, могуць значна палепшыць стан сваіх валасоў.
Таксама яны карысныя пры дрэнным стане дзясен і зубоў, бо з’яўляюцца моцным антысептыкам. Таму імі па магчымасці варта завершыць трапезу.
Наогул жа, пра бадзёрага, здаровага чалавека ў народзе кажуць, што ён, "як агурок"!
Хрусткая кулінарыя
Агуркі на Беларусі здаўна ў пашане. Як толькі першыя з іх з’яўляюцца на агародзе, гэтую агародніну традыцыйна ядуць з кавалкам хлеба і салёнага сала. Таксама з агуркамі гатуюць разнастайныя халаднікі да варанай бульбы, хрусткія скрылікі паліваюць мёдам і падаюць на лусце "чорнага" хлеба. Аднак беларуская кулінарыя прапануе і іншыя цікавыя рэцэпты, якія паспяхова адаптаваліся ў народнай кухні.

Хрусткія скрылікі агурка паліваюць мёдам і падаюць на лусце "чорнага" хлеба
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Халаднік з кіслага малака і агуркоў па-загацку
Страва гатуецца па даўнім рэцэпце з Міншчыны.
З чаго гатаваць:
4 агуркі,
2 шк. кіслага малака (кефіру),
10 г пер’я цыбулі,
10 г зеляніны кропу,
2-3 кветкі агуркоў (агурочнай травы),
соль (да смаку).

Агуркі ў кошыку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Дробна пакрышыць агуркі, нарэзаць зеляніну цыбулі і кропу, уліць малако, пасаліць. Усё перамяшаць і ўпрыгожыць кветкамі агурка.
Падаваць з варанай ці смажанай бульбай.

Халаднік з кіслага малака і агуркоў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Агуркі смажаныя да мяса
Гэты аўтэнтычны рэцэпт быў запісаны на Брэстчыне.
З чаго гатаваць:
1 вялікі свежы агурок,
3 ст. л. мукі,
3 ст. л. алею,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).

Інгрэдыенты да смажаных агуркоў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пачысціць буйнаплодны агурок ад скуркі, нарэзаць скрылікі у 1 см таўшчынёй. Пасаліць, паперчыць, абкачаць у муцэ і абсмажыць у разагрэтым алеі.
Падаваць у якасці гарніру да мяса.
Смачных хрусткіх страў!

Смажаныя агуркі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Каралева шляхецкіх палісаднікаў, або Гатуем "мігдалы" з ружавых пялёсткаў
"Без напіткаў запасу – ні часу…", або Як наталіць смагу ў спякотны летні дзень
"Чэрвень – пралецця скон, а лета ў гон…", або Пажыўныя стравы для касцоў у спякоту