"У маёй бабулькі рукі лоўкія…", або Пяшчота і смакі бабулінага тыдня

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца ўспамінамі пра кулінарныя клопаты вясковых бабуль і раіць прыгатаваць па старажытных беларускіх рэцэптах далікатэсны літоўскі грыбок ды салодкія цукаты з гарбуза па-пружанску.
Халодны дробны дождж са снежнай крупкай дакучліва б’е ў шыбы, нашэптваючы, што яшчэ адна восень развітаецца з намі ў хуткім часе. Першае снежнае покрыва пакрысе прыбівае да зямлі апалае лісце. А прырода ўжо рыхтуецца да надыходу зімы. Згодна з народным календаром, у канцы восені ёсць тыдзень ад 21 да 27 лістапада, калі асабліва шануюць бабуль і бабак-павітух. Іх запрашаюць у госці і частуюць асабліва смачнымі стравамі.
Гэты кароткі час цягнецца ад Міхайлаўскіх Баб (21 лістапада), калі прынята памінаць усіх бабуль, і да Загавін на Піліпаўку ў дзень святога Юсцініяна, апекуна плоднасці і дзяцінства (27 лістапада), калі ўшаноўвалі іншую бабулю – тую, што "пупы вяжа".

Бабку-павітуху вязуць на санях
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Бабка мая, зязюлька мая…"
Узгадваючы бабулю, сэрца бадай кожнага ахінае асаблівая цеплыня. У памяці паўстае знаёмая фігура і вочы, поўныя безумоўнай любові. Ніхто не любіць сваіх унукаў так, як бабулі! У народзе ж пра спагадлівага, ласкавага чалавека так і казалі: "Добры, як бабулька".
Унукаў заўсёды цягне да роднай бабулі, і гэта нездарма – яна з даўніх часоў з’яўляецца сапраўдным сябрам і дарадчыкам унукам, якія заўсёды могуць знайсці ў яе спачуванне. Прыстроіўшыся каля яе, доўгімі зімовымі вечарамі яны слухалі казкі і жыццёвыя гісторыі, засыналі пад манатонныя спевы бабулінай калыханкі.

Бабуля і ўнучка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У традыцыйнай вясковай сям’і бабуля, страціўшы з узростам правы гаспадыні, станавілася нянькай: яна калыхала люльку, сачыла за тым, каб дзіця не скалечылася, прыдумляла розныя бавы, паступова прывучала да працы, а таксама песціла дзетак усялякімі смакалікамі. У бабулі ў кішэні заўсёды былі гарбузікі, сухія яблыкі і салодкія ігрушы, а часам і крамныя цукеркі. Да таго ж, калі маці з якой-небудзь прычыны не было ў хаце, бабуля абавязкова гатавала для іх асабліва смачныя стравы, у тым ліку пякла найсмачнейшыя пірагі.
Гатуем бабуліны ласункі
Думаецца, што ў кожнай сям’і ёсць успаміны аб любімых ласунках дзяцінства, і заўсёды побач з імі постаць бабулі ці маці. Вандруючы па Беларусі ў пошуках цікавых кулінарных рэцэптаў, часта можна пачуць ад мясцовых гаспадынь, што іх навучылі гатаваць менавіта бабулі. Дарагія сэрцу рэцэпты захоўваюць і перадаюць ад пакалення ў пакаленне. Так і павінна быць, бо з дапамогай гэтакай формы памяці аб дарагім чалавеку ўзбагачаецца нематэрыяльная спадчына роднага краю.

Часта можна пачуць ад мясцовых гаспадынь, што іх навучылі гатаваць менавіта бабулі
© Sputnik / Егор Еремов
/ У мінулыя часы, з надыходам халадоў сялянскія малыя, седзячы на гарачых цаглінах, шчыра радаваліся няхітраму ласунку ў выглядзе аржанога бліна, памазанага лоем і пасыпанага цукрам. Але яшчэ смачнейшы за гэты блін быў пірог на свойскіх яйках, які бабуля называла "грыбок". На шчасце рэцэпт гэтага старажытнага пірага-яечні захаваўся.
Таксама сапраўдным слодычам лічыўся і кавалак печанага гарбуза, а яшчэ і запечаная ў цэлым гарбузе каша. З гарбуза гатавала бабуля для сваіх унукаў і непаўторныя цукаты, якія вясковыя дзеткі вельмі любілі.
Грыбок літоўскі
Гэты рэцэпт разлічаны на 8 асоб.
З чаго гатаваць:
3 шк. малака,
2 шк. мукі,
6-7 яек,
1,5 ст. л. масла,
соль (да смаку).

Грыбок пячэцца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Узяць малако, яйкі, лыжку топленага масла, соль і ўсё гэта добра перамяшаць (ці узбіць міксерам). Потым дасыпаць столькі мукі, каб маса была як смятана, і старанна перамяшаць, дадаць цукар.
Для гэтага грыбка трэба мець вялікую патэльню, шчодра вышмараваць яе маслам, заліць тонкім слоем цеста і паставіць у печ. Калі зверху крыху запячэцца, пакласці некалькі кавалачкаў масла і дапякаць. Дарэчы, калі цеста зашмат для адной патэльні, трэба другую палову пячы на іншай, бо налітае тонкім слоем выпякаецца лепей і падымаецца з беражкоў.
Гарбуз з рысам і садавінай
З чаго гатаваць:
1 невялікі гарбуз,
0,5 шк. рысу,
0,5 шк. разынак,
3 буйныя салодкія яблыкі,
2 салодкія ігрушы,
1 шк. сліў без костачак,
100 г вяршковага масла,
1 ч. л. карыцы,
1 ст. л. цукру.

Для стравы спатрэбіцца адзін невялікі гарбуз
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зварыць рыс напалову.
Гарбуз вымыць, зрэзаць вярхушку у выглядзе крышкі, выдаліць семкі і выбраць лыжкай мякаць, пакінуўшы слой у 1 см на сценках. Далей гарбузовую мякаць дробна парэзаць, дадаць рыс, прамытыя разынкі, слівы, мякаць яблыкаў і ігруш (без скуркі і сярэдзінак, нарэзаных скрылікамі), цукар, масла, карыцу, усё перамяшаць і запоўніць гэтым адмысловым фаршам гарбуз.
Затым гарбуз закрыць зрэзанай вярхушкай, пакласці ў глыбокую форму для запякання, падліць крыху вады і запякаць у печы (духоўцы) на працягу 2-х гадзін.
Спечаны гарбуз разрэзаць на кавалкі і паліць растопленым маслам.
Цукаты з гарбуза па-пружанску
З чаго гатаваць:
3 кг гарбуза,
1 кг цукру,
1-2 ст. л. крухмалу,
3 апельсіны,
1 лімон.

Цукаты з гарбуза па-пружанску
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пачысціць гарбуз ад семак і скуркі, нарэзаць маленькімі кубікамі.
Нарэзаць долькамі разам са скуркай вымытыя апельсіны і лімон, дадаць да гарбуза, перамяшаць, усыпаць цукар і пакінуць на ноч. Раніцай давесці масу да кіпення на сярэднім агні і крыху паварыць – сачыць, каб гарбуз не разварыуся.
Затым адкінуць на сіта, аддзяліць рэшткі цытрусавых ад гарбуза. Гарбузовыя кавалачкі раскласці тонкім слоем на талерках (блясе) і даць высахнуць пры пакаёвай тэмпературы (ці ў адмысловай сушылцы). Як высахнуць, абкачаць у крухмале, скласці ў шкляны слоік і закрыць крышкай.
Захоўваюць цукаты ў халодным месцы.
Добрых успамінаў пра бабуль і смачна есці!

Беларускі з мінулага
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"У лістападзе кладзі капусту ў кадзі…", або Сакрэты квашання белакачаннай агародніны
"Божыя кавалі зіму падкавалі…", або Гаспадарчыя і кулінарныя традыцыі Восеньскіх Кузьмінак
"Зміцер, Зміцер зямлю выцер…", або Кастрычніцкі пах яблыкаў і морквы на продкавай кухні