"Хлеб на стале, а рукі свае…", або Скарбы поснай кухні падчас Піліпаўкі

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра асаблівасці кулінарных вынаходак падчас Піліпаўскага посту і прапануе прыгатаваць па продкавых рэцэптах галубцы з рыбай ды вельмі пажыўныя посныя бурачкі.
Бы вялікі качан капусты, пракацілася па хмарным небасхіле бляклае сонца. Вось і восені канец, а неўзабаве і Каляды. Цёмнымі доўгімі вечарамі вялікія гарады свецяцца рознакаляровымі агнямі. Утульныя кавярні пахнуць выпечкай з цынамонам ды духмянай гарбатай, запрашаючы весела правесці вечар. Толькі вёска – як даўней, так і цяпер – жыве тым укладам, які падпарадкоўваецца часу.

Хата ў вёсцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Перад нараджэннем зімовага сонца усё быццам бы змоўкла ў чаканні новага росквіту прыроды. Хрысціяне ж усяго свету рыхтуюцца да самага светлага зімовага свята, Калядаў. А пакуль пачалася Піліпаўка. Наперадзе ад 28 лістапада шэсць тыдняў посту, які ўсталяваны Царквой дзеля духоўнага прыгатавання да сустрэчы свята Раства Хрыстова. Ёсць нагода не толькі часцей наведваць храм, але і ўзяць з паліцы кулінарны сшытак, каб прыгатаваць посныя стравы па рэцэптах старажытнай беларускай кухні.
У пашане – посныя прадукты
У мінулым вясковая сям’я моцна залежала ад таго, што самастойна назапасіла да новага ўраджаю. Раней Піліпаўскі пост вылучаўся разнастайнай кухняй: у пашане былі стравы з гародніны (сырой, варанай, тушанай, кіслай, салёнай, марынаванай), у рацыён уваходзілі ўсялякія бабы, сачавіца, грыбы, арэхі, фрукты, сухафрукты, цукаты, насенне маку, лёну, канопляў, семкі гарбузоў, сланечніку, мёд, а таксама свежыя ягады. Дарэчы, у кадках з вадой захоўвалі журавіны і брусніцы, а на гарышчы у звязках з галінак віселі сакавітыя гронкі рабін ды каліны, якія станавіліся салодкімі з надыходам першых маразоў і былі сапраўдным вітамінным ласункам.

Гронкі каліны пад снегам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Асобнае месца ў поснай кухні займала і рыба. Яе ўжывалі ў сухім, салёным і свежым выглядзе. Так, са свежай гатавалі першыя стравы, яе смажылі, дадавалі да тушанай гародніны, рабілі найсмачнейшы халадзец. Калі ж свежай не было, то з сушанай на саломе рыбы гатавалі амаль усё тое самае, што і са свежай. Разнастайнай рыбы ў беларускіх вадаёмах заўсёды хапала. Да таго ж амаль кожны мог дазволіць сабе і даволі танных селядцоў, якіх набывалі разам з лёкам (расолам) на мясцовых кірмашах.
Цікава, што, гатуючы посныя стравы, гаспадыні не злоўжывалі водарнымі спецыямі, перцам, соллю. Моцна салодкае, кіслае, а таксама і смажанае было не ў пашане. Наогул продкі лічылі, што посная ежа павінна быць пажыўнай і простай у гатаванні.

Посная ежа павінна быць пажыўнай і простай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Аднак, трэба памятаць, што падчас любога посту былі забаронены алкаголь і разнастайныя слодычы.
Таямніца піліпаўскай посніцы
Усю посную ежу продкі калісьці называлі посніцай. Даўней мяса елі не так часта, як цяпер, і посніца не сыходзіла са стала на працягу амаль усяго года. З такой нагоды аб сем’ях, якія цярпелі нястачу, у народзе казалі:
"Ядуць яны круглы год із постам".
Рэцэптаў жа той самай посніцы ў беларускай кухні багата. Варожачы каля печы, спраўная гаспадыня асабліва не задумвалася наконт гатавання. Яна проста выключала са звыклай стравы скаромныя прадукты. І, запрашаючы да стала, казала:
"Хлеб на стале, а рукі свае".
Сапраўды, у шматлікіх кулінарных вандроўках па Беларусі час ад часу сустракаюцца вельмі цікавыя рэцэпты посных страў.

Беларуская кухня багатая на рэцэпты посных страў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Галубцы з рыбай
З чаго гатаваць:
1 кг капусты,
500 г рыбы,
50 г морквы,
50-80 г цыбулі,
50 г таматнай пасты,
100 г алею,
1 лаўровы ліст,
молаты перац (па патрэбе),
соль (да смаку).

Для стравы спатрэбіцца свежая рыба
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Выдаліць мякаць у рыбы, разам з цыбуляй прапусціць мякаць праз мясарубку, дадаць перац і соль.
Адваранае напалову лісце капусты запоўніць фаршам, абсмажыць з двух бакоў і пакласці ў форму да тушэння. Заліць вадой так, каб яна пакрыла галубцы, дадаць таматную пасту, натаркаваную на дробнай тарцы моркву і цыбулю, лаўровы ліст. Накрыць крышкай і тушыць да гатоўнасці.

Галубцы з рыбай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Бурачкі
З чаго гатаваць:
500 г буракоў,
1 морква,
1 цыбуліна,
3 яблыкі,
100 г таматнага пюрэ,
2 ст. л. алею,
соль (да смаку).

Спачатку буракі трэба пачысціць
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Абабраць сырыя буракі і моркву, натаркаваць і перамяшаць.
Дробна парэзаць мякаць пачышчаных яблыкаў, дадаць да буракоў і морквы, пасаліць, перамяшаць, падліць вады і тушыць 1,5-2 гадзіны. Пасля пакласці таматнага пюрэ, дробна нашаткаваную і абсмажаную цыбулю і тушыць яшчэ 20-25 хв.
Падаваць з хлебам.
У Піліпаўку і пасціць смачна!

Рыбныя галушкі – адна з посных страў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"У маёй бабулькі рукі лоўкія…", або Пяшчота і смакі бабулінага тыдня
"У лістападзе кладзі капусту ў кадзі…", або Сакрэты квашання белакачаннай агародніны
"Божыя кавалі зіму падкавалі…", або Гаспадарчыя і кулінарныя традыцыі Восеньскіх Кузьмінак