Гняўлівае свята, або Ключык ад лета ў шызай галачкі
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца прыкметамі Узвіжання ды вужынымі былічкамі і раскрывае таямніцу: хто хаваецца пад маскай "крокоділа" ў палесскім балоце
SputnikУзвіжанне – свята з усіх бакоў чароўнае, і яго трэба святкаваць адмыслова. У гэты дзень пажадана прыняць удзел у набажэнстве, не працаваць на зямлі і не хадзіць у лес. Стравы гэтага дня павінны быць поснымі.
"Кресту твоему поклоняемся, Владыче, і святому воскресенію твоему…"
27 верасня – вялікае двунадзесятае свята Узвышэння Крыжа Гасподня, што адзначаецца ў гонар знаходжання Крыжа Гасподня царыцай Аленай у ІV стагоддзі.
У народзе апавядалі, што царыца Алена, калі прыйшла на месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, пабачыла там язычніцкі храм. Раскідаўшы яго, глыбока пад зямлёй знайшлі тры крыжы, але было невядома: які з іх Крыж Гасподні. У той час памёр нейкі чалавек і Алена загадала па чарзе паднесці да памерлага тыя крыжы. Паднеслі адзін – пакойнік не ўстаў, паднеслі другі – зноў нічога, і толькі калі паднеслі трэці крыж – памерлы ўваскрос.
Так даведаліся, што перад імі Крыж Гасподні, і сталі яму пакланяцца як сімвалу выратавання роду чалавечага.
Саманазвы свята
Царкоўнае свята Узвіжанне Крыжа Гасподня ў Народным календары пазначана як Здзвіжанне або Уздзвіжанне, Звіжанне, Часнэйка. Кожная з гэтых назваў мае сваё народнае тлумачэнне. Лічылася, што гэта свята "закрывання", "замыкання" зямлі на зіму. Лічылася, што гэта робіць Бог або птушкі, якія, адлятаючы ў вырай, забіраюць з сабой ключы на неба: "Уздвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла".
Здзвіжанне – час, калі з поля павінна ўсё здзвінуцца, прыбрацца ў прадчуванні блізкіх прымаразкаў. Продкі казалі:
"Усё ў хату ўздзвігаецца, каб мароз не пабіў";
"К Уздзвіжанню нада ўсё убраць, і лехі (грады), усё, тады баба на печку дзвіг - і сядзіць зіму" (Гарадоцкі р-н);
"Уздзвіжанне – свята надта гняўлівае, няможна нічога рабіць. З вараўні дажа бульбу няможна прынасіць, нада нанач унасіць у хату, каб у вараўню не заходзіць. І ў лес няможна хадзіць, несці (што-небудзь) з лесу, таму што тады змеі прыйдуць" (Пастаўскі р-н).
Назва Часнэйка тлумачыцца так. Калі ў сям’і быў нябожчык, то ад Вялікадня да Уздзвіжання ніхто з членаў сям’і не павінны быў есці часнок, якім можна было разгавецца толькі на Уздзвіжанне. Гэты дзень і называлі "Часнэйка".
І яшчэ адна назва – Дзвіжанне, звязана са змеямі, якія быццам бы менавіта ў гэты дзень пачынаюць выпаўзаць з нор, каб рушыць на зімовы сон да вясны: "Дзвіжанне – гадзюкі здвігаюцца ў кучу". Змей баяліся, асцерагаліся сустрэч з імі, і ў гэты дзень строга забаранялі ісці ў лес, каб не парушыць спакой гадаў. І ўсё ж, калі ішлі ў лес, то па пільнай патрэбе. Напрыклад, каб здабыць змяю для лекаў. Народная медыцына выкарыстоўвала змей пры лячэнні рэўматызму. Для гэтага трэба было ў гэты дзень злавіць змяю і ўсадзіць яе ў бутэльку. Тады, залітая спіртам або моцнай гарэлкай, яна быццам "растае", утвараючы надзвычай цалебны раствор.
У Чэрвеньскім раёне верылі: "Каб змеі ніколі не кусалі на Уздзвіжанне, трэба абавязкова прылегчы і паспаць удзень" (паводле запісаў Уладзіміра Васілевіча).
Асаблівае стаўленне было да вужоў. Іх паважалі і нават трымалі за хатнюю жывёлу, лічылі разумнымі і іх забойства асуджалася.
Вужыныя былічкі і забабоны
З даўніх часоў вужам пакланяліся як істотам, ад якіх залежала пладароддзе зямлі, а значыць і само жыццё. Беларусы ў вужах бачылі пасланцоў добрых багоў. Яны нібыта прыйшлі на зямлю з нябёс. Да іх звярталіся з малітвамі аб хуткім дажджы, добрым ураджаі, а таксама з просьбамі аб прыватным шчасці.
Пра вужа з рожкамі або "крокоділа"
У народзе дагэтуль можна пачуць немала паданняў і нават былічак, звязаных з вужамі. З-за жоўтых плямак па баках галавы, лічылі, што ў вужоў на галаве карона, а некаторым бачыліся "залатыя рожкі". Здабыць тыя "рожкі" лічылася вялікім шчасцем, калі ведаеш, як гэта зрабіць. У Кобрынскім раёне беларускія фалькларысты ад жыхаркі вёскі Лелікава Ганны Хайман у 2001 годзе запісалі былічку аб тым, як яна, пасучы кароў, сустрэлася са "стогадовым вужом", які падаўся ёй "крокоділам".
"От я вам роскажу. Рогі мав – вужак. От пасла я коровэ. І так о во пуд обід пудходыць, тыя коровэ на стойло лэгаюць. Это моімы глазамы всё гэть было бачано. Пасу коровэ, сама сіла собі і йім. А коровэ так лэгаюць, полягаюць і лэжэть.
Алэ дывлюся – корова одна встае, друга встае, і так вось ось чубляцца. Вжо всэ мое коровэ встають.
– Божэ, – кажу, – я ж шчэ не найілася!
І стою, думаю: што такэе? Аж дывлюся – так, як крокоділ. Лізэ до кожной коровы. Корова лыжэць, а він подлазыть до коровы, та корова встае і так чубыця... Вуж лызе по траві – ты ж ёго нэ побачыш! А то просто тіпа так як крокоділ. Як я злекалася!
– Прыгнала я тые коровэ до хаты, ну тако всім росказую. Дочувса (знахар) Гаврыло, аж то ідэ до мэнэ. Кажэ:
– Я чув, шо ты такэ бачыла крокоділа?
А я кажу:
– Бачыла. Такэй вэлыкэй, ну, як крокоділ. Голова ўжасна...
А вын кажэ:
– Ты бачыла вужэ з рогамы. Вуж – это ёму сто літ. Він до ста літ жывэ, такій вуж. І в ёго віростують такі рогі вэлыкы, шчо ёго рэдко-рэдко хто бачыць. От ты, – кажэ, – шчасліва ў Бога, онно ты глупость сочыныла... нэ сумэла взэты того шчастя...".
Знахар распавёў жанчыне, што, убачыўшы такога вужа, яна павінна была пры сабе мець чырвоную анучку і, хутка пасцяліўшы яе перад той "пачварай", уцякаць ад яе супраць сонца, бо калі б тая дагнала, то задушыла б жанчыну. А так, праз час, трэба было вярнуцца да анучкі і забраць пакінутыя на ёй тым вужом рожкі. Гэтыя рожкі трэба было трымаць у хаце на цвічку, і тады б усе яе жаданні чароўным чынам здзяйсняліся б.
"Ліно" можа ратаваць
Не толькі міфічныя рожкі вужа, якія было так цяжка здабыць, мелі чароўную сілу. Гэта ж тычылася і яго скуры, якую ён скідваў падчас лінькі. Калі шанцавала знайсці такую, якая б ляжала хвастом на ўсход, а галавой на захад, тады шчасліўцу ніколі б не пагражалі турэмныя краты.
Але дапамога той скуры на народную думку не распаўсюжвалася на забойц, рабаўнікоў і падпальшчыкаў. Казалі, што ад кары за такія злачынствы ніякае "ліно" не выратуе.
"Сіні камень" на абед
Распавядалі і пра такія выпадкі, калі, не гледзячы на забарону хадзіць у лес тым днём, некаторыя траплялі ў непрыемныя гісторыі, звязаныя са змеямі. Праўда звычайна яны амаль заўсёды мелі шчаслівы канец.
Так небараку-мужыка, які ўваліўся ў яміну са змеямі, царыца-змяя Шкарупея вынесла наверх, падымаючы яго на сабе, а вось дзяўчыну, якая трапіла ў падобныя варункі, змеі пакінулі ў сябе да вясны. Вясной яна вярнулася да людзей жывая і здаровая і распавяла, што пад зямлёй змеі сілкуюцца тым, што ліжуць "сіні камень" і тым бываюць сытыя. Тое ж Шкарупея прымусіла рабіць і яе, што выратавала дзяўчыну ад галоднай смерці.
…і вужыны вырай
З ахвотай распавядалі ў народзе і сведкі таго, як на Уздзвіжанне вужы "збіраюцца ў вырай", рыхтуюцца да зімоўкі, атрымаўшы "загад ад вужынага цара зматвацца":
"На Уздзвіжанне вужакі ўсе ідуць на адно месца. І я бачыла, такі блін, скручаны пад елкай: яны адна на адной круцяцца во гэтак і галовы складаюць, складаюць... Адна кончыць круціцца і галоўку сваю зложыць, тады другая круціцца за ёй і галоўку сваю паложыць... плінтух вужак такі. Гэткія плінтухі мы відзелі многа калі. Яны потым у зямлю ідуць зімаваць. Не ходзяць на Уздзвіжанне ў лес" (Шаркаўшчынскі р-н).
Посцім смачна
Я не прапаную лізаць вам "сіні камень", пакінем гэту "страву" для вужынага караля і Шкарупеі, а самі далучымся да рэцэптаў нашай кухні. Паколькі продкі, утаймоўваючы плоць у гонар Крыжа Гасподня, трымалі пост, не будзем парушаць традыцыю і мы.
Карп, тушаны ў піве
1 кг карпа (сазан, амур, таўсталобік),
1,5 шклянкі лёгкага піва,
1 ст лыжка разынак або сушаных яблыкаў,
1 шклянка разбаўленага воцату,
1 шклянка тоўчаных сухароў,
Як гатаваць. Падрыхтаванага карпа разрэзаць на кавалкі, пасыпаць молатым чорным перцам, пасаліць, заліць разбаўленым воцатам і паставіць на 30 хвілін у халоднае месца.
У каструлі падагрэць піва, пакласці масла, каб яно растала. Перакласці ў піва рыбу. Дадаць некалькі зярнят гваздзікі, гарошыны духмянага і чорнага перцу, усыпаць тоўчаныя сухары або падсушаныя крошкі белага хлеба і тушыць пад накрыўкай 30-40 хвілін. У канцы тушэння пакласці дробна натаркаваную лімонную скарынку і прамытыя разынкі, якія можна замяніць сушанымі яблыкамі.
Страву падаюць як гарачай, так і халоднай.
"Ад гарэлкі будзе розум мелкі", або
Сцеражыся Апіўня!Напой добрага настрою, або Квас на любы густ
Гуляй, вёска, сёння Кірмаш!