МІНСК, 4 сне – Sputnik. Мінскі хакейны клуб "Дынама" выйграў яшчэ адну сустрэчу рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі – на гэты раз мінчане аказаліся мацнейшымі за "Витязь" з падмаскоўнага Падольска.
Напярэдадні матча эксперты заявілі, што галоўная надзея ў "Витязя" на фінскага хакеіста Ніко Аямякі, які добра ўмее закідваць шайбы і аддаваць дакладныя пасы партнёрам. Так і выйшла: ужо на трэцяй хвіліне матча фін рэалізаваў гульнявую большасць.
У пачатку другога перыяду мінчане зраўнялі лік: вызначыўся Тэйлар Бек.
Праўда, праз дзве хвіліны нападаючы "Витязя" Кірыл Расказаў зноў вывеў сваю каманду наперад - 2:1.
На трыццатай хвіліне матча парытэт аднавіў Мальтэ Стрэмваль - 2:2.
Яшчэ праз 19 хвілін упершыню мінчанам удалося выйсці наперад - Маціяс Тэдэнбю прыцэльна стрэліў у "дзевятку".
Пасля чацвёртай прапушчанай шайбы варатар падмаскоўнай каманды Ілля Яжоў у гневе зламаў клюшку. У мінчан рэзультатыўна згуляў Кірыл Варонін.
Незадоўга да заканчэння матча Варонін аформіў дубль, закінуўшы шайбу ў пустыя вароты. Сустрэча завяршылася з лікам 5:2 на карысць "Дынама".
За матчам на арэне ў Падольску назірала крыху больш за тысячу гледачоў.
Нагадаем, што 28 лістапада "Дынама" ненадоўга перапыніла серыю паражэнняў у КХЛ, якая доўжылася шэсць матчаў, - падапечныя Крэйга Вудкрафта абыгралі на "Мінск-Арэне" ХК "Трактор". Затым "дынамаўцы" прайгралі піцерскаму СКА.
Наступны матч мінчане таксама правядуць на выездзе: 5 снежня іх сапернікам стане "Сочи".
Чытайце таксама:
"Локомотив" разграміў мінскае "Дынама" ў КХЛ
Мінскае "Дынама" перапыніла серыю паражэнняў
Мінскае "Дынама" здабыла другую перамогу запар у хатнім матчы КХЛ
Мінскае "Дынама" перастала перамагаць у "рэгулярцы" КХЛ
У сёмы раз запар: мінскае "Дынама" перамагло ў чарговым матчы КХЛ