У дажджыстыя і сонечныя чэрвеньскія дні надвор’е спрыяе росту расліннасці і трэба завершыць касавіцу, зберагчы ад вільгаці сена і, як кажуць гаспадыні, "вісьма вісець" у градах, змагаючыся з пустазеллем. Стомленае цела селяніна патрабуе адпачынку, а душа – свята, і ў народным календары такое прадугледжана. Праўда свята не чалавечае, а русалчына.
Свята ласкатухі
Ад Сёмухі надыходзіў тыдзень, які ў народным календары называюць Граным, Русальным, Праводным або Духавым. Гэта час, калі русалкам быццам бы дазвалялася быць сярод людзей і святкаваць свой Вялікдзень. Продкі верылі: каб не наклікаць на сябе гневу гэтых істот, трэба іх усяляк залагоджваць і трымацца далей ад месцаў, дзе тыя русалкі водзяцца.
Рачная затока
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Напрацягу сямі дзён вяскоўцы гулялі: развітваліся з вясной, ушаноўвалі продкаў, раслінны свет, спявалі, вадзілі карагоды, пераапраналіся ў русалку і ў зялёны куст. Ну і вядома ж не абыходзілася без усялякіх магічных дзеянняў, бо ўсё ж побач русалкі! У канцы Русальнага тыдня, у нядзелю, якая сёлета прыпадае на 19 чэрвеня, здзяйсняўся абрад Провадаў русалкі, што надалей павінна было паспрыяць добраму ўраджаю.
У русалак калісьці верылі паўсюдна і адпаведна мясцовасці ім надавалі адмысловыя імёны, якія іх характарызавалі: русалкі, вадзяніцы, каўкі, ласкатухі і казыткі. У народзе лічылі, што русалкі – душы нехрышчоных дзяўчынак, дзяўчын-тапельніц, якія скончылі жыццё самагубствам, і нават душы дачок, праклятых бацькамі яшчэ да нараджэння.
Згодна з народнымі ўяўленнямі большую частку года русалкі жывуць на дне рэк і вадаёмаў і толькі пад Сёмуху і да свята ў гонар святога Пятра яны выходзяць на бераг. Напрацягу тыдня русалкі бавяць час у полі і ў лесе, дзе з імі і было магчыма сустрэцца.
Як русалка выглядае?
Ёсць пэўны шаблонны вобраз як павінна выглядаць русалка. Адразу ўяўляецца дыванок над ложкам у вясковай хаце. Пышнагрудая маладая жанчына-спакусніца з капой доўгіх валасоў, якія ледзь прыкрываюць яе аголенае цела, сядзіць на беразе ляснога возера з сумным тварам і чэша свае валасы.
Дарэчы, старыя баяць, што вады ў русалчыных валасах столькі, што можна затапіць цэлую вёску, пакуль яны абсохнуць!
Але аблічча русалак не заўсёды адпавядала падобнаму вобразу. Іх апісвалі то прыгожымі, то брыдкімі, то чарнавокімі брунеткамі, то блакітнавокімі прыгажунямі з русымі ці зялёнымі валасамі. Часта ў народных паданнях і казках яны паўстаюць з аголеным, амаль празрыстым целам і вялікімі грудзямі. Часам замест ног у іх бачылі рыбін хвост, а ў некаторых былі і крылы. Ды русалкі не заўсёды аголеныя і, здараецца, могуць быць апранутыя ў вытанчаныя строі з аздобамі і выглядаць "вельмі чапурна", як сапраўдныя пані.
Бачылі іх маладымі прыгажунямі ў чалавечым абліччы
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Апісваючы русалак, часцей бачылі іх маладымі прыгажунямі ў чалавечым абліччы, але былі і выключэнні. На Падзвінні, дзе ў першай палове ХХ стагоддзя вераванні ў русалак былі распаўсюджаны паўсюдна, русалка ўяўлялася вялікай птушкай з шэрым пер’ем, падобнай да ястраба ці луня. Гэтаму віду нечысці ў Гарадоцкім р-не прыпісваліся якасці абедзьвюх гэтых птушак. У яе былі цэпкія вялікія лапы, як у ястраба, і глухата, як у луня:
"...І русалкі, як луні, нічаво не слышаць. Яна ляціць, на цябе садзіцца, у валасы ўчэпіцца... Адзін раз паймалі яе, дык у яе кіпці бальшые, загібастые... Ена сядзець на галаву табе і будзець гнездзіцца на галаве...".
Шкоднасць гэтай русалкі строга абмяжоўвалася часам. Зяўлялася яна толькі на Русальнай нядзелі і шкодзіла толькі ў прыцемках да наступлення поўначы. Лятаючы па вуліцы вёскі і над сцяжынкамі ў полі, русалка лопала крыламі і пішчала ўсё роўна, як дзіця: "Ку-га, ку-га!". Яе галоўнай мэтай было сесці на галаву чалавека і зблытаць валасы. Лічылі, што тыя валасы вылязуць і ўжо ніколі не вырастуць. Таму дзеўкам на Русальным тыдні рэкамендавалася насіць па вечарах хусткі, калі яны хацелі захаваць свае косы.
"Штоб не елі мядведкі…"
Але, хоць русалак і лічылі нядобрымі духамі, усё ж іх паважалі. Прыклад таму разважанні старога палешука Іллі Бурака, якія ў пачатку ХХ стагоддзя запісаў этнограф Часлаў Пяткевіч:
"Русалкі сядзяць у жыце, як яно расуе, ета Бог іх пасылае пільнаваць, штоб ніхто не тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не нальюцца. Дак і не дзіва, штояк нейкі загавайла ўпрэцца ў пашню, то яго заслакочуць. Хлопца заслакочуць, бо разявака, а дзеўку, штоб было больш Русалак. Русалкі бязвінна нікому не робяць зла; яны сядзяць і ў вадзе, да ў самых глубінах, у самых кручынах, каб людзі зналі, што туды не лезь, бо ўтопішся. Сядзяць яны і ў лесе да найчасцей паблізу ўсякае твані, усякіх нетраў, асцерагаючы ўсіх, што там найбольш чарцей" (з кнігі "Рэчыцкае Палессе").
Як дух, што спрыяе расліннасці, Русалка магла станоўча ўплываць не толькі на ўрадлівасць нівы, але і на ўраджай у гародзе. Таму ў яе гонар наладжвалі абрад Провадаў русалак, які адбываўся ў канцы Русальнага тыдня ў нядзелю. Для выканання гэтага абраду сярод дзяўчат выбіралі "Русалку" – самую прыгожую маладую дзяўчыну, якой распляталі валасы, упрыгожвалі галаву вянком з кветак, а да адзення мацавалі зялёныя галінкі. З песнямі дзяўчаты праводзілі "Русалку" да поля, дзе расло жыта, стукаючы пры гэтым у розныя прадметы. Потым, зняўшы з "Русалкі" вянок, штурхалі яе ў жыта, а самі ўцякалі. "Русалка" павінна была гнацца за ўдзельнікамі абраду, пляскаючы ў далоні. Галлё тое, што з "Русалкі" рвалі, забіралі сабе жанчыны, якія неслі тыя галінкі на гарод з пэўнай мэтай: "Штоб не елі мядведкі, штоб расло ўсё добра".
Русалле. Вянок на хаце
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
На Гомельшчыне існаваў і такі звычай, калі ў "русалак" убіраліся ўсе дзяўчаты. Яны вілі вянкі з розных кветак і ішлі на могілкі, дзе вешалі іх на крыжы. Потым здымалі гэтыя вянкі з крыжоў і ішлі дамоў – пакласці іх на капусту, каб тая добра ўрадзіла, а качаны былі крэпкія.
Дарэчы, абрад "Провады русалкі" разам з абрадам "Ваджэнне куста" напрацягу апошніх дзесяцігоддзяў у сельскай мясцовасці пачалі аднаўляць, і у жадаючых ёсць магчымасць датыкнуцца да адметнасцей традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў.
Сыр да святочнай вячэры
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Адным з абавязковых элементаў абрадаў Гранай нядзелі была агульная вячэра з сырам. На траву расцілалі абрус і выкладалі на яго ўсялякую хатнюю смакату. З добрым настроем і надзеяй на вялікі ўраджай вёска развітвалася з русалкамі да наступнага года, а моладзь пачынала рыхтавацца да Купалля.
Таксама на Sputnik:
Васілёк – аптэка і сталоўка ў адной талерцы
Русальны тыдзень на Любаншчыне ў фотаздымках
На Гранай нядзелі русалкі сядзелі, на дзевак глядзелі…
Як русалкі вадзілі карагоды на Любаншчыне - фота
Русальны тыдзень: гісторыя і традыцыі свята