"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы

20 мая спаўняецца 122 гады з дня нараджэння самабытнага беларускага паэта, які захапляўся творамі Ясеніна і марыў знайсці новую сцежку ў беларускай літаратуры.
Sputnik
Сапраўднае імя Язэпа Пушчы – Іосіф Плашчынскі. Ён нарадзіўся 20 мая 1902 года ў вёсцы Каралішчавічы пад Мінскам у сялянскай сям’і, акрамя яго ў бацькоў было яшчэ пяцёра дзяцей.
Іосіф Плашчынскі скончыў Мінскае рэальнае вучылішча, падчас рэвалюцыі таксама вучыўся ў Мінску. На працягу года, у 1921-22, наведваў курсы беларусазнаўства, арганізаваныя Наркамасветы БССР, дзе выкладалі ў той час Янка Купала і Якуб Колас. Наступныя пяць гадоў працаваў настаўнікам.

Літаратурны дэбют і творчасць

Дэбют Іосіфа Плашчынскага ў літаратуры адбыўся ў 1922 годзе, калі ён пад псеўданімам Лясун надрукаваў сваё апавяданне, а ўжо ў наступным годзе стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання "Маладняк", а крыху пазней – "Узвышша".
"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна >>>
Да 1930 гадоў у Плашчынскага з’яўляюцца некалькі паэтычных зборнікаў, сярод якіх "Раніца рыкае", "Vita", "Дні вясны", "Песні на руінах".
Таксама ў гэты час свет пабачыў паэмы "Песня вайны", "Цень Консула" і "Крывавы плакат".
Вядома, што паэт захапляўся творчасцю рускага лірыка Сяргея Ясеніна, што мела вялікі уплыў на яго асабістую творчасць. У сваіх ранніх творах Язэп Пушча, які ўжо пачаў публікавацца пад гэтым псеўданімам, шмат эксперыментаваў з формай, шукаў уласныя мастацка-выяўленчыя сродкі. Па сваіх словах, Пушча шукаў "новую і светлую сцежку ў паэзіі".
У 1925-1927 гадах паэт вучыўся на педагагічным факультэце БДУ і на працягу 1926 года працаваў у Інбелкульце.
Паэзія жыцця Змітрака Бядулі: "Пад сонцам грэліся бярозы у белым тонкім палатне…" >>>
Потым Язэп Пушча з’ехаў вучыцца ў Ленінградскі ўніверсітэт, але не скончыў яго – на чацвёртым курсе вярнуўся ў Мінск і на працягу 1929-30 гадоў працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве.

Арышт, вайна і вяртанне на радзіму

Неўзабаве ў ліпені 1930-га Язэп Пушча быў арыштаваны "за ўдзел у Саюзе вызвалення Беларусі" і на 5 гадоў сасланы – ў Чэбаксары, потым у Шадрынск. Пасля вызвалення і да самай Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Мурамскім раёне настаўнікам і пасля фронту вярнуўся туды ж, быў, нарэшце, рэабілітаваны савецкай уладай.
У Беларусь Язэп Пушча вярнуўся ў 1958 годзе і тады ж стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У наступныя гады ў друку з’яўляюцца яго зборнікі "Вершы і паэмы", "Пачатак легенды" і вершаваная казка "На Бабрыцы". Таксама пасля вяртання на радзіму паэт пераклаў аповесць Аляксея Талстога "Дзяцінства Мікіты".
Народныя вершы Алеся Гаруна: "Пакінеш след ты па сабе…" >>>
Пайшоў з жыцця беларускі паэт у 1964-м годзе ў Мінску, пахаваны ў родных Каралішчавічах.
Пераважная большасць вершаў Язэпа Пушчы напоўнена глыбокім лірызмам і музычнасцю. Мабыць таму асобныя творы паэта пазней былі пакладзены на музыку. З гэтай нагоды Sputnik прапануе самастойна адчуць глыбіню вершаванай спадчыны аднаго з самых лірычных паэтаў Беларусі ў бязмежжы сусветнай літаратуры.
Разгадаць мне хацелася ўсмешку / Адной зоранькі яснай, як дзень...

* * *

Каханне, залатое каханне,
Я стаю, пахiлiўшы чало!
Не спаткаў я цябе пры кургане,
Не сустрэў у завейных палёх.

Ты само да мяне, маладога,
Прыгарнулася сэрцам сваім.
Усміхаліся далі, разлогі,
Усміхалася радасць у сінь.

А песні, санцавейныя песні
Разліваліся ўсплёскамі хваль.
Яны з сэрца каханне разнеслі,
Яны з сэрца памчаліся ўдаль.

Ў гэты вечар самоты не песціў,
Найшчаслівейшы быў між людзей.
Ціха зоры смяяліся ў вецці,
Я на іх задуменна глядзеў.

Разгадаць мне хацелася ўсмешку
Адной зоранькі яснай, як дзень.
Ружавела каліна на ўзмежку,
Я прыціснуў яе да грудзей.

Застануся з табою, красуня!
Я не ведаў уцехі ў жыцці.
Мне расслухаць хацелася ў шуме,
Аб чым ліст да ліста шапаціць.

Яна слоў мне тады не казала,
Толькі вусны палілі мой твар.
Не было, не было ў песні жалю,
Толькі кідала сэрца у жар.

А што далей?.. У ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў.
Ой ты, Стася, смуглявая Стася,
Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!

Беланогі, расчухраны месяц...

Мне чупрыны не хочацца звесіць

Беланогі, расчухраны месяц
Лявоніць у лісці кляновым.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

Я пайду сінявою мурожнай
Да начлежнікаў, хлопцаў буяных,
Хай прыгорне мяне вербалоззе,
Бо я хмелем сягонняшнім п’яны.

Ой вы, поплавы ў шэрай сярмязе,
Веснавейце ў даліне-лагчыне!
Мяне променем сонца абвяжа,
Пакланюся я нізка айчыне.

Закалосяцца песні ла весніц,
Заспяваюць таполі і клёны.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

Рэчанька не спіць, светлая бяжыць / Травы напаіць, сонейка умыць...

Рэчанька не спіць

Рэчанька не спіць, светлая бяжыць
Травы напаіць, сонейка умыць.
Ў соку сенажаць, каласы шумяць,
Клічуць уставаць – і касіць, і жаць.

Не пазбыцца мар: лёг загар на твар,
Сонейка з-за хмар выграбае жар.
На курган грабе, вабіць да сябе…
Вецер мне, табе яблык абаб’е.

Рэчанька не спіць, светлая бяжыць.
Смутак не імжыць, і ахвота жыць.

Раніцу шчэбет пільнуе...

* * *

Раніцу шчэбет пільнуе
Ў лісці жоўта-зялёным.
Туліцца жнівень над пуняй
З ношкай аўсянай саломы.

Сонца бліскучым пласконнем
Іскры ў тумане губляе.
Ветры, пужлівыя коні,
Рвуцца ў мурожныя далі.

Ў зараслях пудзяцца песні,
Рэчанька льецца, смяецца.
Вёска рыпамі весніц
Цешыць сялянскае сэрца.

Вецер расой ахрысціў
Поплавы ў сіні шырокай.
Песціцца сонца ў трысці,
Ветразь цалуючы ў шчокі.

Раніцу шчэбет пільнуе
Ў лісці жоўта-зялёным.
Туліцца жнівень над пуняй
З ношкай аўсянай саломы.

Вечар асенні, вечар маўклівы...

* * *

Вечар асенні, вечар маўклівы
Песціць, цалуе, песціць каліны.
Песня зблудзіла, песня у гаі,
Зоры ж у высі, зоры мігаюць.

Срэбрам на лісце, срэбрам на стромы, –
Ўсюды сугучнасць, ўсюды так стройна.
Струны у сэрцы, струны-браціхі
Звоняць умітусь, звоняць, не ціхнуць.

Як жа мне з імі, як жа, каліны,
Ў вечар асенні, вечар маўклівы?

Дзе ты, зорка? – не пытайся, / Трэба зорку адшукаць...

Дзе ты, зорка?

Зорка ясная не свеціць,
На скале сасна шуміць,
Неспакойна на Ісеці –
Хваля вірная не спіць,
Ветру хвалі не спыніць.

Коціцца на ўсход, спявае:
– Што, саколе, што з табой?
Ой ты, хваля, мая хваля,
Падхапі мяне з сабой,
Плыць з табой хачу ў Табол.

Дай свае мне крылы-вёслы –
Пераплыць праз цёмны вір.
Кажуць: на табольскіх плёсах
Не акінуць вокам шыр
І прамыты, чысты жвір.

Паплыла, а я застаўся
Песняй зорку заклікаць.
Дзе ты, зорка? – не пытайся,
Трэба зорку адшукаць.
Сосны ласкава шумяць.

Не гас свяцільнік твой, агонь святы...

Як я цябе любіў!

Як я цябе любіў, мая Айчына!
Дзіцём піў малако з тваіх грудзей,
У глыбіню тваіх вачэй глядзеў,
І сёння ты стаіш перад вачыма.

Ішлі з табой у светлыя прасторы,
Спявалі песні сонечнай вясны,
Не гаслі, а яснелі нашы зоры,
Вясёлкі з сонцам ткалі паясы.

Не гас свяцільнік твой, агонь святы,
Пры ім пісаў я да цябе лісты.

Шумі, уральская тайга, / Над кручамі азёр і рэк...

Шумі, уральская тайга

Ляцяць высока журавы,
Шумяць іх крылы над тайгой;
Прынеслі подых баравы
Да гэтых светлых берагоў.

Не засціць ясных дзён смуга,
Жыве паэт і чалавек.
Шумі, уральская тайга,
Над кручамі азёр і рэк.

На схілах скал тваіх, Урал,
Дзе схован скарб магнітных руд,
Шукаў я страчаны крышталь
І самацветны ізумруд.

Штодзень шукаў і ўсё ж знайшоў,
Разведаў грэбні горных скал;
Не ўціхамірыўся душой –
І спеў красе цудоўнай склаў.

Не анямець, не адзвінець.
Здружыўся я навек з табой.
Мой беларускі спеў Ісець
На хвалях несла у Табол.

І нат над Обскаю губой
Суровы вецер не спыняў.
Ад песні той, што нёс Табол,
Цяплеў Паўночны акіян.

Гляджу я на Эльбрус: / Праменіцца, світае, / А недзе Беларусь / Мне любая, святая...

У Кіславодску

І сонца, і блакіт,
І рэчкі бег імклівы,
А дома – шум ракіт
І ціхі спеў каліны.

Пяснярская скала
Не ў радасці, а ў горы;
Хмурынка праплыла,
Схавалася за горы.

Гляджу я на Эльбрус:
Праменіцца, світае,
А недзе Беларусь
Мне любая, святая.

Шумяць бары-лясы
І п’юць жывыя сокі.
Як шмат зямной красы
Між горных скал высокіх!

Тут – сонца і блакіт,
Альхоўкі бег імклівы,
А дома – шум ракіт
І ціхі спеў каліны.

Авеялі легендамі бары...

* * *

Не заблудзіўся я у цёмным лесе
І шлях да сонца адшукаў даўно.
Радзіму не пакіну я без песень,
Спяваю ёй і толькі ёй адной.

Дажджы чало і твар твой арасілі,
Авеялі легендамі бары.
Пакуль не падкасіла старасць сілы,
Табе я песню аддаю ў дары.

Пакуль душа і сэрца не азяблі
І не падкраўся загадзя мароз,
Прыйду я да тваіх асенніх яблынь,
Каб іх суровы сівер не атрос.

Чытайце таксама:
"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі
"Каб мудры лёс набыць, спатрэбіцца нямала…": вершы Амара Хаяма ў беларускім гучанні
Лірычны свет вершаў Юрася Свіркі: "А думкі ткуцца у цішы і грэюць ласкаю сваёю..."
"Глядзецца праўдзе ў вочы...": самыя пякучыя байкі Кандрата Крапівы
Лірычны шлях Алеся Бачылы: "Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма..."