Сустракаем Багач, або Гарбузовыя стравы на вераснёвым стале

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра вясковыя традыцыі святкавання Багатухі і запрашае ў смачную кулінарную вандроўку па старажытных гарбузовых рэцэптах.
Sputnik
Вось і надышло восеньскае астранамічнае раўнадзенства, якое ў народным календары адбываецца з 22 на 23 верасня. Каб ушанаваць гэту важную падзею, блізка да гэтага дня у народзе адзначалі свята ўраджаю – Багач. З гэтай нагоды наладжвалі святочныя кірмашы, дзе прадавалі лішкі садавіны і гародніны, танцавалі і спявалі, радаваліся новаму ўраджаю, пяклі пірагі са свежай мукі і гатавалі смачныя стравы з бульбы, гарбузоў ды іншай гародніны.

Свята ўраджаю

Багач – старажытная ўрачыстасць, прысвечаная завяршэнню ўборкі зерневых, якая цягнецца каранямі ў сівую даўніну. Калісьці, у язычніцкія часы, свята адбывалася ў гонар земляробчага культу Дажбога, бога сонца і дабрабыту. Таму ў народзе за гэтым днём замацаваўся цэлы шэраг назваў, сярод якіх найбольш папулярнымі лічацца – Багач, Багатнік, Багатуха.
У гэты святочны дзень не працавалі, назіралі за бусламі, якія збіраліся ў вырай. І ў залежнасці ад таго, калі пачнуць адлятаць гэтыя любімыя для беларусаў птушкі, меркавалі: якой будзе восень і калі чакаць зіму.
На свята частку багатага ўраджаю продкі везлі на кірмаш, адкуль вярталіся з пачастункамі. А ўвечары ласаваліся караваем, спецыяльна спечаным са свежай мукі да Багатухі.
Багач – старажытная ўрачыстасць, прысвечаная ўраджаю
Амаль забытае свята ў канцы ХХ стагоддзя адрадзілася, і цяпер Багач, як і іншыя народныя святы, адзначаюць у многіх малых і вялікіх сельскіх гаспадарках, арганізуюць выставы-кірмашы садавіны і агародніны, што вырасла на падворках вяскоўцаў, а таксама наладжваюць фестывалі народнай кухні. Нацыянальныя стравы, прыгатаваныя клапатлівымі рукамі гаспадынь, вясёлая музыка ды спевы – усё гэта стварае цёплую атмасферу на свяце, па завяршэнні якога людзі яшчэ доўга з прыемнасцю яго ўзгадваюць.
Адзначыць дзень восеньскага раўнадзенства, якое сёлета адбываецца ў нядзелю, можна і ў коле сям’і, прыгатаваўшы смачныя стравы з гародніны па старажытных беларускіх рэцэптах.

Гарбузовы рай на кухні

Спякотнае лета паспрыяла добраму ўраджаю гарбузоў, якія сёлета асабліва салодкія. Некаторыя гаспадыні высаджваюць іх на градкі вялікай расадай, калі ўжо даволі цёпла, і тады гэтая паўднёвая культура можа даць нават два ўраджаі! Асабліва гэта прыкметна ў паўднёвых раёнах Беларусі, дзе гарбузамі засаджана досыць вялікая плошча зямлі.
Ураджай гарбузоў
Цікава, што цэлыя, без пашкоджанняў, плады гарбуза могуць захоўвацца да трох гадоў! Тым больш, што за пэўны час смакавыя якасці гэтай расліны толькі паляпшаюцца. Таму, калі ў краме позняй вясною вы пабачыце гарбузы, то смела іх купляйце і гатуйце ўсялякае смакоцце.
Цяпер на пытанне "як гатуюць гарбузы ў вёсцы?" сучасныя гаспадыні з нейкай асаблівай цеплынёй распавядаюць пра разнастайныя кашы, запяканкі, супы. І нават хваляцца колькасцю закансерваванага гарбузовага соку. А вось як гэта рабілі нашы прабабулі – распавядаюць іх вясковыя рэцэпты!
Смажаны ў печы гарбуз

Суп з гарбуза

З чаго гатаваць:
500 г гарбуза,
60 г морквы,
25 г мукі,
20 г тамата-пюрэ,
1,5 шк. малака,
35 г сметанковага масла,
50 г грэнак,
2 шк. вады,
соль (да смаку).
Гарбузовы суп
Як гатаваць. Абабраныя гарбуз і моркву, нарэзаць, пакласці ў кіпячую падсоленую ваду, зварыць да мяккасці, працерці праз сіта (можна скарыстацца блендарам). Затым дадаць туды разведзеную ў халоднай вадзе муку і тамат-пюрэ. За 10 хв. да гатоўнасці ў суп уліць малако і заправіць яго маслам, пасаліць.
Падаць з грэнкамі.

Каша гарбузовая

З чаго гатаваць:
600 г гарбуза,
1 шк. проса,
3 шк. малака,
1 ст. л. цукру,
1 ст. л. сметанковага масла,
соль (да смаку).
Гарбузовая каша
Як гатаваць. Гарбуз ачысціць ад лупіны і насення, нарэзаць невялікімі кубікамі, заліць гарачай вадой (2 шк.) і варыць каля 10 хв. Затым дадаць соль, цукар, усыпаць прамытае проса. Калі вада амаль выпарыцца, уліць гарачае малако і варыць да загушчэння. Пакласці ў кашу масла, перамяшаць, паставіць выпаленую печ у лёгкі дух (негарачую духоўку) на 20-30 хв.

Гарбуз з бульбай

З чаго гатаваць:
300 г гарбуза,
3 ст. л. тоўчанай бульбы,
0,5 шк. малака,
соль (да смаку).
Для стравы лепш браць маладую бульбу
Як гатаваць. Гарбуз ачысціць ад лупіны і насення, нарэзаць кавалкамі, адварыць у невялікай колькасці вады, патаўчы. Гарбуз змяшаць з тоўчанай бульбай, дадаць гарачае малако, соль, праварыць.

Гарбуз смажаны

Інгрэдыенты да стравы бяруцца па патрэбе.
З чаго гатаваць:
гарбуз,
мука,
топленае масла,
перац,
соль (да смаку).
Смажаны гарбуз
Як гатаваць. Нарэзаць гарбуз скрылікамі ў 1 см таўшчынёй, пасаліць, заправіць перцам (можны ўжыць і іншыя спецыі, напрыклад, каляндру, чабор і г.д.), абкачаць у муцэ і падсмажыць на разагрэтым топленым масле да румянай скарынкі.

Гарбузовыя дзеруны

З чаго гатаваць:
500 г гарбуза,
1,5-2 шк. мукі,
1 шк. малака,
тлушч (алей),
1 ст. л. цукру,
соль (да смаку).
Вясковыя дзеруны
Як гатаваць. Натаркаваць гарбуз, дадаць малако, пшанічную муку, усыпаць соль і цукар.
Замясіць цеста і смажыць на патэльні ў вялікай колькасці тлушчу.
З Багатухай і смачна есці!
Гарбузовы рай
Чытайце таксама:
"Пятрова ночка маленька…", або Ціснем сыры па-шаркаўшчынску
"Што Бог дасць у дар", або Гатуем багатую "бацвінню" на Ціхана
Абед для Хатніка, або Бульбяныя стравы на вясковым стале