"Улетку пасвіў скаціну.., а ўзімку вучыўся "
"Цяжка жыць без долі,
Што рабіць – не знаю;
Хіба на свет выйду,
Долі пашукаю.
Выйду пад гаёчак,
Крыкну на ўсё поле:
Дзе так запрапала
Ты, без сэрца, доля?!"
Ад рэвалюцыянера да галавы ўрада
Асвета. Арышт. Вечнасць.
* * *
Мець бы жыццё бессмяротнае мне,
Мець бы вечныя свежыя сілы;
Я аддаў бы усё старане,
Старане сваёй роднай і мілай!
На кускі, на крупінкі, як пыл,
З кожным днём я б па ёй разлятаўся
І часціны нязмераных сіл
Ў кожным месцы даваць бы стараўся.
А дзе трэба было б заплаціць
Дзеля шчасця народа сабою,
Я хутчэй пастараўся б там быць
І сваёй адкупіцца душою…
І так з году ў год, да тых дзён,
Па кусочку б ў ахвяру я клаўся,
Пакуль цяжкае долі праклён
З стараною маёю расстаўся.
Каб жыццё бессмяротнае мець,
Каб мне вечную свежую сілу,
Я аддаў бы усё старане,
Старане сваёй роднай і мілай!
* * *
Дружна з ахвотай,
Гэй, за работу,
Брацця, скарэй!
З песняю зычнай
Ў працы прывычнай
Будзе спарней.
Гора з нядоляй
Не знойдуць патолі
Болей сродзь нас;
Весела й хутка,
Мінута ў мінутку
Сойдзе нам час.
Ў стуку і груку
Забудзем мы муку
Працы сваёй.
Шчыра і смела
Гайда да дзела
Цеснай сям’ёй.
Там, дзе цярпенне
Родзіць імкненне –
Стане расці
Семя жывое
Шчасця людскога
Ў нашым жыцці.
Дружна з ахвотай,
Гэй, да работы,
Брацця, скарэй!
Праца рупная
Хай прывітае
Нас ўсіх хутчэй…
* * *
Ўзышоў месяц і паўкругам
Ў цёмным небе засвяціўся,
Па дубраве і над лугам
Срэбным променем разліўся.
Ў зачарованым адзенні
Спіць трава і спяць кусточкі.
І замёрлі ў шалясценні
Руцяністыя лісточкі.
Ўкрадкай, ціханька гамоне
Мовай свежай і рачыстай,
Нібы грае, нібы звоне,
Ручаёк вадою чыстай.
І ні песні, і ні зыку
Круг-вакол не раздаецца.
Нямой сцішы цыркім блікам
Месяц весела смяецца.
* * *
Над шумным палацам, над курнаю хатай,
Над вуліцай цеснай, над полем прасторным
Вяшчун праляцеў, – агнязыркі, крылаты,
Здарэнняў вялікіх нязменны дазорны.
Бурлівага лёту сляды незмярымы,
Бязмоцным жыццё супыніць завіруху!
Палае агнямі абшар прад вачыма,
Калоцяцца палі ад бурнага руху.
Угору высока, да фарбаў блакіту
Нямоўчнага рэха шыбаюць прыбоі,
Адвечная мука няволі – разбіта,
Паломаны веры заўзентай устоі.
Ракетаю зыркай бліснулі імкненні,
З сярпом скрыжаваўся гартованы молат,
Вялікасць сусвету ў касмічным спляценні
Спусціў да зямлі разняволены волат.
Мільён у адным і адзін у мільёне
Закрэплены гартам завабнае мэты.
З грашыма багач, валадар у кароне, –
Ўрачыстыя песні для вас перапеты!
Глыбока зіяе бяздонне правалу,
Апушчаны нізка пад сонцам завесы,
Дымучай слатою вам выглядзяць галы,
Над днямі былога лёс хмары павесіў.
У вулках вястовых, над вёскай прасторнай
Лунае нязменна ў мірганні бліскучым
Вяшчун агнязыркі – свабоды дазорны, –
Працоўных людзей да Камуны завучы.
Беларуска
Як ідзе –
Шнур кладзе
Лёгкае хады.
Роўны стан
Увабран
Стужкаю ўсягды.
Свежы жар
Крые твар –
Свеціцца пагляд.
Валасы
Ў дзве касы
Спушчаны назад.
Паглядзіць –
Адарыць,
Сэрца ўскалыхне.
Падысці
Ў пачуцці
Да яе кожны мкне.
У руках
Рэзвы мах,
Праца, як гульня.
Ці з сярпом,
Ці з цапом –
Ўсё пяе яна.
Ні жуды,
Ні нуды
Ў песнях не чуваць.
Сонца, квет,
Цэлы свет
Рада б абнімаць.
Кожын верць
Паглядзець –
Погін каласоў.
Сіла, рух,
Вольны дух
З поля ды лясоў.
Хто маляр
Яе чар,
Строю, пекнаты?
Край з вякоў
Ніў, лясоў
Беларусь – то ты!
* * *
Гляджу на поле я, на дол,
На нівы вузкія шнурамі,
Што скрозь ляжаць перад вачамі
Раўнінай чорнаю вакол, –
То плён упартай барацьбы,
Дастатак цяжкага змагання,
Якім валодаюць сяляне,
Нядаўна бедныя рабы…
Цяпер вось мары у жыцці!
Зямля – дзяржаўнае багацце…
Пахайце ж, гэй, яе вы, брацця,
Пасеў вялікі багаціць.
Няхай парэжа востры плуг
Абшары гэты на разоры
І збожжа ядрае, бы мора,
Ўхвалюе ветрыкам наўкруг.
За працу ж ўсе, ўжо час наспеў!
Зямля вызвеўшая чакае,
Калі над ёю залунае
Вясны вялікай ваш пасеў!
Да надзеі
Не пакінь ты, надзея, мяне,
На адну не пакінь ты хвіліну,
Дай глыбокаю вераю мне
У васкросшую верыць краіну.
Напаі маю душу віном
Нестрыманай яскравай свабоды
І кажы мне галосна аб том,
Што заззяе яна для народа,
Які сілай панурлівых дней
З непрыветнаю доляй звянчаны…
Пей жа песні, надзея, мне, пей
Аб васкросшай краіне каханай!
Роднай краіне
Я люблю гэты вобраз краіны,
Дзе відаць на абшары кругом
Курганы, і пустыя раўніны,
І балоты, зарослыя мхом.
Я люблю гэты вобраз краіны,
Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць,
Між лясоў,
паміж гор,
праз лагчыны
Свае воды у мора нясуць,
Дзе раскінулісь шэрыя вёскі,
А ў іх родныя песні чутны, –
Песні –
долі людской адгалоскі,
Песні –
жальбы загнанай душы.
Я люблю гэты вобраз бясконца,
Тыя вёскі, балоты, гаі,
Бо радзіўся я ў гэтай старонцы
I памру мо у гэтай зямлі.
Звон
З гары высокае званіцы
Званы прызыўна загулі;
І гуд грамовы іх імчыцца
Абшарам соннае зямлі.
Дрыжыць вакол ціша глухая,
Трасе паветра медны гул,
І ўсё, што спіць, ён паднімае
Вакол сябе, і там, і тут.
"Ўставай, хто спіць! – у звоне чутна
Размова гучных важкіх слоў, –
Скідай свой сон, ліхі, атрутны,
Цягучы сон даўгіх вякоў!"
І ўдар за ўдарам шле званіца,
Спушчае ўніз з сваіх прытул
Шарэнгам роўным, стройнай звіцай,
Ўсё болей гучны звонны гул.
І рэжа ён пласты паветра,
Качае хвалямі бары,
З зямлі нясецца ўзвеем ветру
Да стромы цёмнае гары.
Яшчэ мамент, і гудам звону,
Здаецца, неба страсяне
Ды зоў разгорне свой чырвоны
Па ўсёй зямлі і ў вышыне.
Дарадчыкам
Вы ўсе кажаце мне,
Што маёй старане
Няма сэнсу сабе дабівацца
Лепшых шчасных дзянькоў
Для вялікіх збудоў,
Каб з краямі другімі зраўняцца;
Што мая старана
Ўжо не ўстане ад сна,
Які лёс на яе ўспеў накласці
І з якога не ўстаць
І не зможа паўстаць
Да святлейшае долі, да шчасця…
О, чакайце, браты!
На размоў ваш пусты
Вам краіна ўсячутна адкажа,
Як на шчасце, на бой
Ўміг вялікай гурбой
Яна люд свой збуджоны знаража,
Паглядзіце тады,
Які ён малады,
Колькі сілы магутнае мае;
І што зробіць яна,
Абудзіўшысь ад сна,
Як яе воля-свет разгайдае.
Не, не верце сабе!
Нам не нікнуць ў журбе,
Гледзючы на свой край доўгаспаўшы.
Дык не думайце, не, –
Што ўжо ён не ўскрасне,
Што ён мёртвы й навекі прапаўшы,
Сон пануе не век, –
Старана й чалавек
Так жа сама не век спачываюць,
Надыходзе чарод,
Устае край, народ,
Як вясною палі ажываюць.
Вось вясну перажыць
Ўсім краям належыць
Пад няўхільным прыроды прымусам.
Адным збыўся ўжо час,
Цяпер чэрга да нас…
Надыходзе вясна к беларусам!