Свята райскай садавіны, або Гатуем з яблыкамі на Другі Спас

Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае народныя традыцыі святкавання Вялікага Спаса, раіць уважліва прыглядацца да святочных прыкмет і прапануе прыгатаваць куразянку і печаныя з брусніцамі яблыкі па старажытных беларускіх рэцэптах.
Sputnik
І вокам міргнуць не паспелі, як амаль прамінула лета! Здаецца, нядаўна святкавалі Сёмуху, ушаноўвалі маладую зеляніну, дбалі пра будучы ўраджай – і вось ён ужо ападае пад ногі спелымі яблыкамі.
19 жніўня адзначаецца Яблычны Спас, які таксама мае і іншыя назвы – Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас, Іспас. У хрысціянскай традыцыі Другі Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга і пэўна таму й завецца Вялікім. Згодна ж з народнымі звычямі, яго яшчэ называюць Яблычным.
Яблычны Спас

Шанаванне Вялікага Спаса

Традыцыйна Вялікі Спас – свята садавіны, пасля якога ўжо можна ласавацца яблыкамі, грушамі, слівамі. Цяпер усё гэта можна набыць у краме на працягу года, а даўней да гэтага свята сялянам не дазвалялася ўжываць у ежу яблыкі з уласнага саду.
Толькі напярэдадні свята гаспадар збіраў у кошык самыя лепшыя плады, каб раніцай асвяціць іх у царкве. І тады ўжо яблыкі можна было есці – колькі хочацца, што адлюстравалася ў даўнім народным выслоўі:
"Добра яблычка к Іспасу".
Напярэдадні свята гаспадар збіраў у кошык самыя лепшыя плады, каб раніцай асвяціць іх у царкве
Цікава, што, ідучы з царквы, асвечанымі яблыкамі частавалі родзічаў, суседзяў, ды нават падарожных. А яшчэ іх абавязкова пакідалі на магілках блізкіх.
Таксама існавала павер’е, што жанчынам, у якіх папярэдне паміралі дзеці, нельга каштаваць да Іспасу яблыкі, грушы, агрэст і струкавую агародніну. Згодна з народнымі ўяўленнямі, у гэты дзень Божая маці раздае на нябёсах усім памерлым дзецям па яблычку, а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх да тэрміну, пачастунку не дастанецца.
Асвячалі на Спаса і каласы новага ўраджаю. На вёсцы лічылі, што ў гэты час, як правіла, жніво набліжаецца да завяршэння, і сяляне пачынаюць падлічваць ураджай хлеба перад восеньскай парой:
"Спас – досыць хлеба ў нас".
На Вялікі Спас таксама шырока наладжваліся кірмашы, дзе сяляне традыцыйна прадавалі агародніну новага ўраджаю, мёд ды выпечку са свежай мукі.
На Яблычны Спас у мястэчках праводзіліся багатыя кірмашы

Другі Спас – для прыкмет час!

Халодныя росныя ночы падказваюць, што зусім хутка надыдзе восень. І, хоць наперадзе яшчэ сонечны верасень, на Спаса сяляне пачыналі развітвацца з летам:
"Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас",
а таксама
"Прышоў Пятрок – сарваў лісток; прышоў Ілля – сарваў два; прышоў Спас – нарваў у запас".
Спасаўка-ласаўка
У народзе Яблычны Спас лічылі днём адлёту буслоў. Так, існавала прыкмета, што калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Вялікім Святам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а наступная вясна цяплейшая, калі ж пасля Спаса – восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная.
Але ж прыкметы прыкметамі, а у полі яшчэ трэба працаваць, бо працягваецца жніво і іншыя палявыя работы. Мабыць таму, у народных песнях Вялікі Спас паўстае як надзейны апякун і памочнік селяніна ва ўсіх яго справах гэтай пары.

Водар яблычных страў

Працуючы на сваіх і калгасных палетках, амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя жанчыны мусілі браць "у поле" сваіх дзяцей, бо дзіцячыя садкі і яслі ў сельскай мясцовасці з’явіліся пазней. Вядома ж, калі ў хаце была бабуля, то за няньку заставалася яна.
Дзеці каштуюць яблыкі

Куразянка

З аповеда жыхаркі вёскі Хатынічы (Ганцавіцкі раён Брэстчыны) Чыркун Людмілы, яе бабуля гатавала для дзетак смачны пірог з яблыкамі – "куразянку".
З чаго гатаваць:
200 г кукурузнай мукі,
280 г манных круп,
1 л смятаны,
1 ч. л. соды,
200 г цукру,
150-200 г сухіх яблыкаў,
50 г алею,
100-150 г мёду,
соль (да смаку).
Сухія яблычныя долькі заліваюць цёплай вадой, каб яны набрынялі
Як гатаваць. Сухія яблыкі заліць цёплай вадой і даць набрыняць. Перамяшаць кукурузную муку, манку і цукар. У невялікай колькасці смятаны пагасіць соду, дадаць у астатнюю смятану, пасаліць і выліць усё ў муку.
Замясіць не тугое цеста. Палову яго выліць у падагрэтую і змазаную алеем форму. На цеста пакласці парэзаныя яблыкі і, заліўшы іх астатнім цестам, выпякаць у печы (духоўцы) 40 хв. пры тэмпературы 190 градусаў.
Спечаную куразянку паліць мёдам і аздобіць галінкай свежай мяты. Падаваць з яблычным узварам, гарбатай або малаком.
Яблычны пірог – смачная куразянка!

Яблыкі, печаныя з брусніцамі

Таксама гэтым часам у лесе выспяваюць брусніцы, і традыцыйна з імі пякуць яблыкі.
З чаго гатаваць:
8 яблыкаў,
1 шк. брусніц,
0,5 шк мёду (цукру),
2 ст. л. цукровай пудры.
Для стравы ў яблыкаў трэба выдаліць асяродак
Як гатаваць. Яблыкі памыць, выдаліць асяродак. Змяшаць асобна брусніцы са свежым мёдам (або цукрам) і запоўніць паглыбленне.
Яблыкі пакласці ў глыбокую патэльню (ці адмысловую форму), падліць крыху вады (каб яблыкі не палопаліся) і запячы ў печы (духоўцы).
Яблыкі з начынкай
Падаваць з салодкім малаком.

Аладкі з яблыкамі

З чаго гатаваць:
2 шк. мукі,
2-3 яблыкі,
0,75 шк. кіслага малака,
1 яйка,
1 ст. л. цукру,
алей для смажання,
0,5 ч. л. соды,
соль (да смаку).
Аладкі
Як гатаваць. Яблыкі разам са скуркай натаркаваць на буйной тарцы, дадаць яйка, цукар, кіслае малако, соду, муку, соль.
Вымясіць цеста і лыжкай выкласці на разагрэтую з алеем патэльню. Абсмажыць аладкі з абодвух бакоў.
З Яблычным Святам і смачна есці!
Гаспадыні з яблычным пірагом
Чытайце таксама:
Медзяны Спас, або Як прывабіць Спарыша стравамі з мёду, маку і морквы
Кулінарныя традыцыі ў жніво, або Энікі-бэнікі… гатуй "палюбэнікі"!
"Госць на парозе – Бог…", або Гастрафэст па-вясковаму