У госці да верасня, або Гатуем грыбныя далікатэсы на бабіна лета

Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца карыснымі парадамі з сялянскага календара і прапануе прыгатаваць бульбяную кашу з грыбамі ды піражкі па-любанску па вераснёвых рэцэптах беларускай даўніны.
Sputnik
Надышла восень – пазалаціла дрэвы, і ў паветры ўжо лятае тонкае павуцінне, нагадваючы пра тое, што неўзабаве зіма. Але пакуль што сэрца радуецца цёпламу, амаль летняму, надвор’ю, якое ўсталявалася ў пачатку верасня.
Кветкі на бабіна лета
Жыццё вясковага чалавека раней было цесна звязана з прыроднымі з’явамі, на якія ён абапіраўся штодня. Ведаючы на памяць, якое свята за якім стаіць, сяляне вызначалі змены сезонаў, дні працы і адпачынку.
Напрыклад, згодна з народным календаром ад 11 верасня, калі святкуюць Калінавік, а праваслаўная царква ўспамінае Адсячэнне галавы Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, пачыналася бабіна лета. Здаўна лічылася, што прырода, быццам ведаючы, колькі клопатаў гэтай парой у гаспадыні (сабраць садавіну і агародніну, высушыць ды спрасці лён і каноплі і г.д.), падаравала ёй добрае надвор’е.
Клопатаў гэтай парой у гаспадыні шмат – перш за ўсё сабраць садавіну і агародніну
Былі парады і для гаспадароў. Так, існавала перакананне, што ячмень трэба сеяць на шостым тыдні ад святога Ільі, што ў народным календары адпавядала 13 верасня. Аб гэтым жа аратаму падказвалі і зачырванелыя кусты каліны, бо, як прыкмячалі продкі:
"Сей ячмень, як каліна ў кругу".
Сапраўды, сёння звычайна да сярэдзіны верасня завяршаецца жніво, і ўчарашняе залатое іржышча чарнее ад узаранай зямлі ў чаканні свежага зерня.
Звычайна да сярэдзіны верасня завяршаецца жніво
Наогул, узгадваючы руплівую вясну і вірлівае лета, поўнае гукаў жыцця і нястомнай працы, руплівыя сяляне цешацца з сабранага ўраджаю. Дбайныя гаспадары працягваюць нарыхтоўваць прыпасы да зімы, і, калі якая-небудзь культура не ўрадзіла, то з усмешкай кажуць:
"Не ўрадзіў мак – перабудзем і так".
Вядома ж, цяпер у крамах і на кірмашы ёсць усё, што чалавеку трэба, але ж як кажуць – "сваё смачней". Тычыцца гэта таксама і грыбных вераснёвых здабыткаў.
На кірмашы ёсць усё, што чалавеку трэба

Грыбное царства на кухні

Акрамя традыцыйных клопатаў у полі і каля хаты, аматараў "ціхага палявання" кліча да сябе лес – працягваецца грыбная пара. І калі на час адкласці вясковыя справы і неўзабаве завітаць на лясную палянку – у кошыку абавязкова будзе поўна апенек, маслякоў ды сыраежак. А гэта значыць, што хутка прыгатуецца вельмі смачны абед!
Грыбны кошык

Бульбяная каша з грыбамі

З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
3-4 яйкі,
50 г сметанковага масла,
50 г смятаны,
2-3 сухарыкі,
600-800 г свежых грыбоў,
2-3 цыбуліны,
100-150 г растопленага масла (сала)
соль (да смаку).
Інгрэдыенты для стравы
Як гатаваць. Абабраць бульбу, зварыць, стаўчы. Убіць па аднаму яйкі, за кожным разам добра мяшаючы, уліць крыху растопленага сметанковага масла, смятану, дадаць соль, зноў усё размяшаць.
Пачысціць, памыць і зварыць грыбы. Скрышыць іх саломкай, дадаць дробна насечаную цыбулю і абсмажыць на масле. Узяць глыбокую патэльню (іншую форму), нашмараваць маслам і абсыпаць тоўчанымі сухарамі. Выкласці ў яе паслойна бульбу і грыбы, пачынаючы бульбай і заканчваючы грыбамі. Паліць яшчэ раз маслам і пячы ў печы (духоўцы) 30 хв.
Перад тым, як падаць да стала, паліць грыбным соусам.
Бульбяная каша з грыбамі

Галушкі бульбяныя з грыбамі

З чаго гатаваць:
1,2 кг бульбы,
1 яйка,
1 ст. л. мукі,
40 г сушаных грыбоў,
1 ст. л. сухароў,
3 ст. л. топленага масла,
1 цыбуліна,
0,5 шк. смятаны,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
Бульбяныя галушкі
Як гатаваць. Абабраную бульбу надзерці на тарцы, адціснуць, дадаць яйка, соль, перамяшаць.
Замочаныя ў вадзе грыбы прамыць, адварыць, дробна нарэзаць і абсмажыць на масле разам з нашаткаванай цыбуляй, пасаліць і паперчыць.
З бульбяной масы сфармаваць галушкі велічынёй з курынае яйка, зрабіць у іх паглыбленне, запоўніць яго грыбным фаршам і закрыць цестам.
Укачаць галушкі ў муку, перамяшаную з сухарамі, і абсмажыць. Пссля перакласці ў глыбокую патэльню, заліць смятанай і патушыць у духоўцы.
Бульбяныя галушкі з цыбуляй

Піражкі бульбяныя з грыбамі па-любанску

Страва гатуецца паводле рэцэпта з вёскі Камуна, што на Любаншчыне.
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
100 г свежых (сушаных) грыбоў,
2 цыбуліны,
2 яйкі,
0,5 шк. паніровачных сухароў,
4 ст. л. сметанквага масла,
соль (да смаку).
Бульбяныя піражкі з грыбамі
Як гатаваць. Абабраную бульбу зварыць, падсушыць, патаўчы, дадаць 1 ст. л. масла, 1 яйка і вымяшаць. Вараныя грыбы пасячы, змяшаць з нашаткаванай цыбуляй, соллю і перцам.
З бульбяной масы зрабіць невялікія плоскія кружкі, на сярэдзіну пакласці фарш, сфармаваць піражкі. Абмакнуць піражкі ў яйка, укачаць у сухары і абсмажыць у разагрэтым на патэльні масле (свіным тлушчы).
Добрых вам грыбных прыгод ды смачна есці!
Грыбныя скарбы верасня
Чытайце таксама:
Кулінарныя традыцыі ў жніво, або Энікі-бэнікі… гатуй "палюбэнікі"!
"Госць на парозе – Бог…", або Гастрафэст па-вясковаму
"На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае…", або Беларускі халаднік ад Радзівілаў да Капыля