Чаму на Сямёна комін жэняць, або Сакрэты пружанскага застолля

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра старадаўнюю беларускую традыцыю шанавання хатняга агню і раіць прыгатаваць па сялянскіх рэцэптах духмяныя палюхі і кіндзюк па-старавольску.
Sputnik
Калісьці 14 верасня толькі пачыналася восень. Згодна з народным календаром у гэты дзень святкавалі святога Сымона (Сямёна Стаўба). Зменлівае гэтым часам надвор’е падказвала аб набліжэнні трывалых халадоў. Пра Сымона ў народзе казалі, што да яго свята трэба абавязкова пастрыгчы авечак, бо святы нібыта можа скрасці воўны сабе на рукавіцы.
З нагоды няўстойлівага надвор’я ў гэты дзень продкі прыкмячалі:
"Сымон да варот, на дварэ сем пагод: сее, вее, круціць, муціць, зверху лье, знізу мяце".
"Сымон да варот, на дварэ сем пагод..."
Мабыць, таму да гэтага свята сяляне спяшаліся завяршыць сяўбу азімых. Да таго ж лічылася, што калі першы засевак жыта зрабіць напярэдадні Яна ці Хлебнага Спаса (29 жніўня), то жыта ўродзіцца каласістае і будзе ядраністае. Калі ж сеяць напярэдадні Сямёна Стаўба, то жыта хоць не будзе каласістым, але дасць добрую салому (а яна ўжывалася і для майстравання страхі і для кармлення скаціны ў галодныя гады). Дбайныя гаспадары, ведаючы гэта, стараліся рабіць засеўкі і ў жніўні, і ў верасні.

Свята хатняга агню

Даўно карыстаючыся электрычнасцю, цяперашнім людзям цяжка ўявіць – як гэта жыць без лямпачкі пад столлю. Вядома ж, продкі ўжывалі ў хатняй гаспадарцы і васковыя свечкі, і газніцы.
Продкі ўжывалі ў хатняй гаспадарцы і васковыя свечкі
Але яшчэ раней вёска доўгі час асвятляла хату пасветам, лучніком або комінам. У ім на "каганцы" (старая патэльня або гліняная місачка) палілі лучыну ды дробна пасечанае хваёвае карэнне.
Дарэчы, комін – гэта невялікая металічная рашотка, ці іншым часам патэльня, якую падвешвалі пад спецыяльнай квадратнай адтулінай да столі (паводле кнігі Алеся Лозкі "Беларускі народны каляндар").
Першае восеньскае запальванне агню ў хаце прыпадала на Сямёна, што азначала пераход ад прац у полі да хатніх зімовых клопатаў. Таму ў гэты дзень упершыню дзяўчаты і жанчыны садзіліся за прадзіва. Такі пераход быў урачыста абстаўлены правядзеннем адмысловага абраду шанавання агню і хатняга духа-продка – "Жаніцьба коміна".
У гэты дзень упершыню дзяўчаты і жанчыны садзіліся за прадзіва
Адбывалася "Жаніцьба…" наступным чынам: комін упрыгожвалі кветкамі, стужкамі і новымі саматканымі ручнікамі, вадзілі вакол яго карагоды, спяваючы:

"Ой, прыйшлі ночанькі даўгенькі,
Пасвяці нам, Комінку бяленькі…
",

або

"Праца наша – дзеўка гарненька,
Палюбіці Коміна радзенька…
".

Такім чынам, зыходзячы з даўніх уяўленняў продкаў, якасцямі "маладых" надзяляліся Комін і Праца.
Просячы ў агня сямейнага ладу, дабрабыту ды спорнай працы, агонь на коміне продкі "частавалі" зернем, арэхамі, кавалачкам сала ды гарэлкай.
Пачастункі для агню на коміне
Аднак сяляне, наладжваючы застолле, не забываліся і на сябе.

Кулінарныя скарбы Пружаншчыны

Пакуль моладзь слухала быліцы і казкі, танцавала і спявала, старэйшыя сядалі за стол, каб за смачнымі стравамі ўзгадаць мінулае лета, пахваліцца плёнам сваёй працы і, вядома ж, таксама паспяваць. А як жа іначай, калі гэтаму спрыяюць цікавыя кулінарныя скарбы з Пружаншчыны!

Кіндзюк па-старавольску

З чаго гатаваць:
1 свіны страўнік,
5-6 бульбін,
0,5 шк. проса,
200 г смажанага сала (здору),
лаўровы ліст,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
Як гатаваць. Памыць у гарачай вадзе загадзя падрыхтаваны страўнік (калі няма – можна ўзяць тоўстую кішку).
Бульбу натаркаваць на буйной тарцы.
Старкаваная бульба
Нарэзаць здор (нутраное сала) дробнымі кубікамі і добра абсмажыць. Перац і лаўровы ліст падсушыць на печы або патэльні – спецыі стануць больш духмяныя і крохкія. Укінуць у бульбу, дадаць проса, соль, молаты перац і здробнены лаўровы ліст.
Напхаць страўнік бульбяной масай, зашыць дзірку і выкласці на змазаную тлушчам бляху. Запякаць у печы (духоўцы) 1 гадзіну.
Падаваць з кіслай капустай ці іншымі саленнямі.
Кіндзюк у печы

Палюхі

З чаго гатаваць:
10 бульбін,
1 яйка,
200 г мукі,
1 шк. малака,
50-100 г вяршковага масла (свінога тлушчу),
100-150 г свежага сала,
2,5-3 л вады,
сода,
соль (да смаку).
Для стравы спатрэбіцца адварыць бульбу
Як гатаваць. Зварыць бульбу, стаўчы, дадаць малако і вяршковае масла (ці свіны тлушч). Трошкі ахаладзіць таўканіцу, дадаць муку, яйка, соду на канцы нажа. Усё добра вымесіць, па патрэбе дадаючы муку, каб атрымалася густое цеста.
Цеста на палюхі
Падзяліць цеста на часткі, з якіх скачаць каўбаскі таўшчынёй у 2-3 см. Каўбаскі парэзаць на кружкі, кожны з якіх трэба ўкачаць у муку.
У шырокай каструлі закіпяціць падсоленую ваду і апусціць туды палюхі, варыць 5 хв. Як усплывуць, дастаць шумоўкай.
Святочная страва
Паліць падсмажаным з цыбуляй салам або смятанай.

Яечня па-смаляніцку

З чаго гатаваць:
10 яек,
1 шк. малака,
100-150 г свежага сала,
1 буйная цыбуліна,
соль (да смаку).
Як гатаваць. У вялікую міску ўбіць яйкі, дадаць малако і соль і добра перамяшаць.
Засквара да яечні
Заскварыць дробна нарэзанае сала з цыбуляй, злёгку ахаладзіць, дадаць у яйкі і перамяшаць.
Усё пераліць у міску або глыбокую форму, накрыць крышкай і паставіць у печ (духоўку) на 40 хв.
Смачна есці каля хатняга агню!
Вясковая яечня
Чытайце таксама:
У госці да верасня, або Гатуем грыбныя далікатэсы на бабіна лета
"Госці на парог – гаспадыня за пірог…", або Сустракаем Хлебны Спас з пружанскай кухняй
"Кулажка – не бражка, а з божага дару…", або Пачастунак для Купальскага Дзядка