МІНСК, 12 сне — Sputnik. Часцей за ўсё ў адыходзячым годзе беларусы шукалі ў "Яндэксе" інфармацыю пра Аляксандра Ціхановіча, Максіма Мархалюка і Дзмітрыя Мар'янава, паведамілі ў аўторак у прэс-службе кампаніі.
"Яндэкс" — адзін з самых папулярных пошукавікаў — прадставіў у аўторак вынікі адыходзячага 2017 года для беларусаў. Каго і што часцей за ўсё шукалі ў пошукавай сістэме грамадзяне рэспублікі?
Сярод падзей найбольшую цікавасць выклікала сакавіцкая акцыя "Дзень волі". На другім месцы па папулярнасці — пошукі хлопчыка ў Белавежскай пушчы, на трэцім — фестываль "Славянскі базар". Замыкаюць топ-5 самых цікавых для беларусаў падзей павышэнне БПМ і Дзень горада Мінска.
З міжнародных падзей беларусы часцей за ўсё шукалі інфармацыю аб выхадзе новага сезону "Гульні тронаў", конкурсе песні "Еўрабачанне-2017", а таксама пра адну з "самагубных гульняў" у сацыяльных сетках, тэракт ў Санкт-Пецярбургу і выхад iPhone X.
Спіс сярод найбольш цікавых мужчын складаецца, на жаль, з тых, хто пайшоў з жыцця: узначальвае яго Аляксандр Ціхановіч, а таксама беларусы шукалі інфармацыю пра Дзмітрыя Мар'янава, Міхаіла Задорнава і Дзмітрыя Хварастоўскага. Актыўна шукалі і апошнія навіны пра Максіма Мархалюка, які згубіўся.
Сярод жанчын найбольш цікавай публіцы была Дыяна Шурыгіна. Таксама ў рэйтынг па пошукавых запытах "Яндэкса" ўвайшлі Вера Глаголева, Наталля Юнікава, Марыя Максакава і Стэла Бараноўская.
Галоўнымі спартыўнымі падзеямі года для беларусаў сталі ЧС па хакеі, Кубак канфедэрацый, Ліга чэмпіёнаў 2017-2018, ЧС па біятлоне гэтага года і Чэмпіянат Беларусі па футболе.
Нарэшце, названы самыя папулярныя фільмы і мультфільмы: "Піраты Карыбскага мора", "Бос-малакасос", "Фарсаж 8", "Трансформеры" і "Яно". Сярод песень часцей за ўсё цікавіліся кампазіцыяй "Тает лёд" гурта "Грибы", а таксама "Вите надо выйти" Estradarada, "Розовое вино" Элджэя, "Случайная" Святланы Лабады і песняй "Оптимист" Макса Каржа.
З'явамі года былі прызнаныя спінер, бот "Аліса", біткоін, Пачакун і фраза "Гэта фіяска, браценік".