"Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае", або Як ушанаваць Цёцю
09:50 31.08.2022 (абноўлена: 09:51 31.08.2022)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯблычны мармелад на стале
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская раіць гаспадыням не крыўдзіць багіню лета і ўрадлівасці і прапануе аматаркам слодычы далучыцца да мармеладнай спадчыны.
Прыемна марыць, што з пачаткам апошняга жнівеньскага дня лета яшчэ працягнецца. Гушкаючыся ў гамаку, можна з асалодай назіраць, як гнецца ад цяжару спелых пладоў галлё фруктовых дрэў, а ў агародзе ёсць усё, што трэба для таго, каб прыгатаваць смачны абед: морква, бульба, бурачкі, агуркі, фасоля і боб, памідоры і капуста – усяго гэтага ў клапатлівай гаспадыні цяпер удосталь. Нездарма ж у даўнія часы ў канцы жніўня ўшаноўвалі багіню лета, плоднасці і ўрадлівасці Цёцю. Цёцю нагадвае цяпер кожная дбайная гаспадыня, якая выходзіць са свайго агарода з поўным кашом сакавітай гародніны або садавіны.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯблыкі на падворку
Яблыкі на падворку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, з усіх летніх месяцаў асабліва клапатлівы апошні, бо пачалася нарыхтоўка ўсялякіх прыпасаў да зімы. Нездарма ж у народзе пра яго кажуць:
"Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае".
Асабліва цяжка даводзіцца гаспадыням, якія шчыруюць над усялякімі нарыхтоўкамі. Пра жаночыя клопаты продкі заўважалі:
"У гаспадыні работа адна, трэба рабіць яе штодня".
Гатуем слодыч
Жнівень працягвае адорваць садавінай, і самы час заняцца гатаваннем слодычы. Сёлета асабліва ўрадзілі яблыкі і слівы. Вось некалькі добрых рэцэптаў, правераных часам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСлівы паспелі
Слівы паспелі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Мармелад
Мармелад – даўні сродак ачысткі арганізма. Жэле з пекцінаў здольна збіраць як губка і абвалакваць усе шкодныя хімічныя рэчывы, што дазваляе ўжываць мармелад як пажыўны і адначасова дэзінфіцыруючы сродак.
Прыгатаваць мармелад самаруч не лёгка і не цяжка. Гэта руплівая праца патрабуе стараннасці і часу, але як прыемна будзе частаваць ім блізкіх! І калі дагэтуль вы не ўжывалі мармелад, то пачынайце гэта рабіць неадкладна, паколькі ён не толькі слодыч, але і лекі.
У кулінарных даведніках пішуць, што мармелад – кандытарскі выраб з фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам у выглядзе жэле або цукерак. Амаль у такім выглядзе, як мы яго цяпер ведаем, мармелад распрацавалі ў Францыі ў ХVІІІ ст.
Беларускія гаспадыні варылі мармелад з малін і шыпшыны, лімонных і апельсінавых скурак, а замест цукру ўжывалі мёд, ачышчаны адмысловым спосабам. Прапаную вам прыгатаваць гэтую слодыч самастойна па старадаўніх і сучасных рэцэптах. Але перш – некалькі агульных заўваг ад руплівай гаспадыні:
мармелад лепш за ўсё варыць на вадзяной бані. Для гэтага трэба ўзяць шырокую каструлю, наліць у яе ваду з паваранай соллю (1 шк. солі на 2 л вады), на дно пакласці драўляную рашотку, паставіць на яе каструлю меньшага памеру з прыгатаваным пюрэ;
звычайна патрабуецца 500-600 г цукру на 1 кг пюрэ. Калі мармелад гатуюць з малакіслых і дрэнна жэліруючых пладоў і ягад – такіх, як вішня, маліна, суніцы, ігрушы і інш., то на 1 кг асновы трэба дадаць 200-250 г пюрэ з добра жэліруючых пладоў і ягад (яблыкі, сліва, агрэст, смародзіна і інш), або 1,5-2 шк. натуральнага яблычнага соку з антонаўкі звычайнай;
мармелад трэба варыць не больш за 1 гадзіну. У канцы варкі тэмпература кіпення павінна быць 106-107°С. Звараны мармелад выліваюць на бляху слоем у 2-3 см і даюць застыць, затым рэжуць на кавалачкі, абсыпаюць цукровай пудрай і крыху падсушваюць у духоўцы пры тэмпературы 50-60 градусаў.
Мармелад з абрыкосаў
З чаго гатаваць:
2 кг абрыкосаў,
1,4 кг цукру.
Як гатаваць. Спелыя абрыкосы памыць, выняць костачкі, пакласці ў каструлю і паварыць. Перацерці праз друшляк або сіта, усыпаць цукар і, старанна мяшаючы, варыць да загусцення. Крыху астудзіць і разліць у чыстыя слоікі, закаркаваць.
Мармелад з морквай
З чаго гатаваць:
1,5 кг абрыкосаў,
0,5 кг морквы,
1 кг цукру.
Як гатаваць. Прыгатаваныя абрыкосы памыць, выняць костачкі, пакласці ў каструлю, дадаць ачышчаную, памытую, буйна нарэзаную моркву. Усё паварыць да мяккасці, перацерці праз друшляк, усыпаць цукар і, старанна мяшаючы, варыць да загусцення.
Мармелад з вінных яблыкаў ад Вінцэнты Завадскай
З чаго гатаваць:
2 кг яблыкаў,
1 кг цукру,
скуркі лімона або апельсіна.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯблычны мармелад
Яблычны мармелад
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Абабраць яблыкі, нарэзаць на долькі, выняць сярэдзінкі і пакласці ў халодную ваду. Адцадзіць, укласці ў каструлю і накрыць, паставіць на агонь, часта мяшаючы, каб не прысталі да дна. Калі разварацца ў кашку, працерці праз сіта, змяшаць з цукрам і дробна нарэзанай скуркай лімона або апельсіна. Укласці гэтую масу ў каструлю і гатаваць, бесперапынна мяшаючы драўлянай лыжкай, пакуль не зварыцца. Спрабаваць, беручы двума пальцамі трохі мармеладу: калі пры развядзенні пальцаў цягнуцца "ніткі" – то мармелад гатовы. Заліць мармелад у слоік, астудзіць і закаркаваць. Захоўваць у халодным месцы.
Слівы
Бадай ўсім вядома, што са сліў гатуюць кампоты, варэнне, джэм, настойкі. Слівы сушаць, марынуюць і соляць, робяць соус. Як з яблыкаў, са сліў здаўна гатуюць фруктовы сыр, не ўжываючы пры гэтым мёд і цукар. Для прыгатавання гэтага дэсерту лепей выкарыстаць цагляную печ, але самыя ўпартыя могуць скарыстаць і духоўку.
Сыр са сліў
З чаго гатаваць:
слівы (па патрэбе),
вада.
Як гатаваць. Слівы выцерці, але не мыць, скласці ў керамічны посуд і паставіць таміцца ў негарачую печ на ноч. Калі слівы спякуцца, сцэджваюць сок, што выцек з іх, і вараць яго без цукру і мёду, увесь час павольна перамешваючы, каб не прыстаў да дна. Калі варэнне ўжо загушчаецца, то зліваюць яго ў цёплы гаршчок і астуджаюць. Атрыманы сыр льга рэзаць на кавалкі як яблычны.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМармелад
Мармелад
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Варэнне са сліў з арэхамі
З чаго гатаваць:
600 г пачышчаных сліў,
1 кг цукру,
2,5 шк. вады,
лясныя арэхі, фундук або міндаль,
1 г лімоннай кіслаты.
Як гатаваць. Буйныя слівы апусціць у кіпень на 3-5 хв., затым у халодную ваду і зняць скурку. Пакласці слівы ў халодную ваду на 20-30 хв., затым адкінуць на сіта або друшляк і даць вадзе сцячы. Акуратна выдаліць костачкі: зрабіўшы надрэз у верхняй частцы слівы, з процілеглага боку выпхнуць костачку тонкай драўлянай палачкай. У кожную сліву ўкласці па два ядры арэха і апусціць слівы ў цукровы сіроп. Варыць на моцным агні, асцярожна здымаючы пену шумоўкай. За 3-4 хв. да канца варкі дадаць лімонную кіслату, разведзеную ў невялікай колькасці цёплай гатаванай вады.
Прыемнага гатавання і радаснага спажывання!
Чытайце таксама:
"Дай божа сваё спажыць…", або Гатуем па-шляхецку
У чаканні новага хлеба, або Абед падчас жніва
На кухні ў зяляркі: гатуем стравы з хрэну
Гатуем малімонікі для малімонікаў і няма чаго малімонічаць!
Вішнёвы рай: гатуем з вішань