"Восень – работ восем", або Яблычны кастрычнік

© Sputnik / Виталий Аньков / Перайсці ў медыябанкЯблыкі
Яблыкі - Sputnik Беларусь, 1920, 29.10.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра яблычныя клопаты на вёсцы і прапануе прыгатаваць рыбу з антонаўкай.
Апошні тыдзень кастрычніка выдаўся на дзіва цёплым. І хоць надвор’е па-восеньскі зменлівае, усё ж яшчэ хочацца цяпла. Вось і вішня толькі цяпер пачала губляць лісце, што згодна з народнымі назіраннямі прадракае хуткі надыход зімы. Кажуць жа, што "вішня не апала – зіма не настала". Акрамя таго, імкнуліся прадбачыць: ці хутка надыдзе зіма. Каб гэта вызначыць, трэба было ў канцы кастрычніка пільна ўглядацца ў начныя нябёсы – назіраць за месяцам. Прыкмячалі: калі рогі месяца будуць глядзець на поўдзень, то зіма будзе позняй і лагоднай, калі ж на поўнач, то чакай маразы і сцюжу.

"Дзень выганяе з хаты, а ноч прыганяе"

Аднак, седзячы позняй ноччу каля вакна, не заўсёды можна скласці метэапрагноз, таму што восеньскае неба часцяком зацягнута хмарамі. А ўжо раніцай будзе не да гэтага, і дзень ізноў "выганіць з хаты", а рукі знойдуць чарговую працу.
© Sputnik / Николай ХижнякНа дрэвах яшчэ засталіся апошнія яблыкі
За садом нужно ухаживать, чтобы яблоки были большие и хорошие - Sputnik Беларусь, 1920, 28.10.2022
На дрэвах яшчэ засталіся апошнія яблыкі
Цішыню золкай раніцы перапыніла птушынае галгатанне ў дзедавым садзе. Там на старых дрэвах яшчэ засталіся апошнія яблыкі, вакол якіх з веданнем справы мітусяцца шпакі. Ні кім не палоханыя згаладалыя птушкі сквапна дзяўбуць сакавітыя плады перад тым, як, раптоўна ўзняўшыся з месца, ляцець далей. Пераспелыя "антонаўкі" і "штрыфель" не вытрымліваюць такога націску і, падаючы на апалае лісце, разлятаюцца на кавалкі, каб даць корм мышам і ўсялякім казуркам. Што ж, так і павінна быць у "яблычны" год, і кожны робіць прыпасы як умее. Як кажуць: "Мыш есці не просіць – сама сабе носіць".
Працы восенню заўсёды хапае. Аб сваім жыцці на зямлі селянін разважае:

"Работы век не перарабіць, скрозь тапчыся і тапчыся... Прыйшла вясна – ўжо часу няма, прыйшло лета – бярыся то за тое, то за гэта, надышла восень – яшчэ работ восем... Работа работу паганяе... Пільная справа на пяты цісне..."

© Sputnik / Віктар ТалочкаЯблыкі захоўвалі ў драўляных скрынях
Яблыкі захоўвалі ў драўляных скрынях - Sputnik Беларусь, 1920, 28.10.2022
Яблыкі захоўвалі ў драўляных скрынях
Вось і цяпер ёсць у вёсцы такая пільная справа – парадкаваць яблыкі, якія вядома ж, тавар далікатны і чакаць не будзе, бо псуецца хутка. Таму амаль няма хаты, у якой не было б так горача, як у лазні. Штодня гараць у печы дровы і не таму, што на двары хутка будзе зімна, – трэба да маразоў паспець насушыць яблыкаў столькі, каб хапіла на два гады. Як кажуць: "Запас бяды не чыніць".
Схаваныя ад першых восеньскіх прымаразкаў яблыкі, сабраныя ў кашы, запаланілі сенцы і клець.
"Каб іх качкі з гэтымі яблыкамі! Спасу няма, сыплюцца і сыплюцца на маю галаву і рукі!" – скардзіцца гаспадыня, але ўпарта працягвае крышыць сакавітыя плады кожную вольную хвіліну.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБабуліны яблыкі
Бабуліны яблыкі - Sputnik Беларусь, 1920, 28.10.2022
Бабуліны яблыкі
Яна раскладае іх на бляхі і да раніцы адпраўляе ў печ. Там яны пякуцца і павольна высыхаюць, каб улетку ператварыцца ва ўзвар, без якога ў вёсцы не абыходзіцца ніводзін спякотны дзень. Ссыпаныя ў драўляныя бочкі і скрыні, яны будуць чакаць свайго часу ў клеці. Частку свежых яблыкаў абавязкова сквасяць, або схаваюць у салому, каб узімку паласавацца мёрзлай садавінай. Асабліва смачная антонаўка, якая ад марозу становіцца салодкай бы мёд. Дарэчы, калісьці мёрзлыя яблыкі прадаваліся ў гарадскіх крамах, а цяпер нешта не відаць!

"Кладучыся спаць, падумай як устаць"

Гаспадыня заўсёды з вечара думае аб меню наступнага дня. Карыстаючыся яблычным багаццем, грэх не гатаваць стравы з яблыкамі штодня. Нагадаю некалькі добрых і правераных мною рэцэптаў ад бабуль. Карацей кажучы, "варыстая печ – вары!".

Рыба, тушаная з яблыкамі

З чаго гатаваць:
600 г рыбы,
5 яблыкаў,
1 цыбуліна,
1 шк. смятаны,
1 ч.л. тлушчу,
перац (да смаку),
соль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРыбу можна ўзяць любую: стронга, карп, судак, шчупак, сом, траска і інш.
Рыба, тушаная з яблыкамі і цыбуляй - Sputnik Беларусь, 1920, 28.10.2022
Рыбу можна ўзяць любую: стронга, карп, судак, шчупак, сом, траска і інш.
Як гатаваць. Падрыхтаваць любую не дробную і не касцістую рыбу (стронга, карп, судак, шчупак, сом, траска і інш.), нарэзаць кавалкамі. Ачышчаныя ад скуркі і асяродка кісла-салодкія яблыкі (лепей антонаўку) пакрышыць буйнымі скрылькамі, нашаткаваць цыбулю. На патэльню, змазаную свіным тлушчам, пакласці кавалкі рыбы, зверху яблыкі, потым цыбулю, пасаліць і паперчыць, уліць невялікую колькасць вады і патушыць пад накрыўкай. Калі рыба згатуецца, выняць яе, каб не развалілася. Яблыкі і цыбулю працерці праз друшляк, уліць смятану і давесці да кіпення.
Перад падачай рыбу паліць атрыманым з яблыкаў соусам.

Пячонка з яблыкамі

З чаго гатаваць:
150 г яблыкаў,
150 г пячонкі,
150 г смятаны,
30 г цыбулі,
20 г алей
1 ст. л. гарчыцы,
мука,
кроп,
перац,
соль.
Як гатаваць. Нарэзаць палоскамі ў 1-1,5 см пячонку (лепей ялавічную, але можна і свіную, і нават курыную). Дробна накрышыць цыбулю, яблыкі кружкамі, абваляць у муцэ і абсмажыць на алеі. 3-4 хвіліны смажыць пячонку і цыбулю. У тлушч, які застаўся на патэльні, дадаць муку, гарчыцу, смятану, крыху вады і ўсё давесці да кіпення. Яблыкі і пячонку выкладаюць на талерку, паліваюць соусам і пасыпаюць зелянінай.

Яблыкі, печаныя з брусніцамі

З чаго гатаваць:
8 яблыкаў,
1 шк. брусніц (журавін),
0,5 шк. цукру,
2 ст. л. цукровай пудры.
Як гатаваць. Яблыкі, лепей салодкія, памыць, выдаліць асяродак. Паглыбленне роўна запоўніць брусніцамі, змешанымі з цукрам. Падрыхтаваныя яблыкі пакласці на бляху, уліць крыху вады, каб яблыкі не палопаліся, і запячы ў духоўцы.
Пры падачы на стол пасыпаць цукровай пудрай. Ядуць з малаком.

Яблыкі, фаршыраваныя тварагом

З чаго гатаваць:
4 яблыкі,
100 г тварагу,
1 ст. л. цукру,
3 яйкі,
4 ст. л. варэння,
ванілін або цынамон (карыца)
Як гатаваць. Яблыкі памыць, выдаліць асяродак. У працёрты тварог дадаць два яйкі, расцёртыя з цукрам, ванілін або цынамон і старанна перамяшаць. Гэтай масай запоўніць яблыкі, паверхню тварожнай начынкі змазаць узбітым яйкам. Пакласці яблыкі на патэльню, уліць крыху вады і запячы ў духоўцы. Пры падачы на стол яблыкі паліць варэннем.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Бабіна" лета, або Сонечны дзень у гонар бабкі-павітухі
"Уздзвіжанне лета замыкае…", або Капусныя прысмакі ў хаце
Глог – лекі і старадаўнія ласункі, або Гісторыя на смак
Восень на "рабой кабыле", або Грэчка ў возе і на стале
"Прыйшоў Багач – кідай рагач…": завяршаем гаспадарчую працу і назіраем за надвор’ем
Стужка навiн
0