Завяршаецца яшчэ адна восень, і ўсё ў прыродзе рыхтуецца да надыходу зімы. Шэрыя хмары зацягнулі неба, халодны вецер хістае галіны дрэў, а дробныя снежныя крупкі настойліва б’юць у шыбы.
У такое надвор’е хочацца сядзець у хаце і гартаць народны каляндар. А ён, поўны жыццёвай мудрасці, апавядае, што 21 лістапада адбудзецца апошняе восеньскае свята года: ушанаванне Архангела Міхаіла або Міхайлы Рахайлы. Таксама ўзгадваецца і Матрона, з якой "становіцца зіма", далей Хведар Студзянец, з якім "халодныя вятры галоднымі ваўкамі скуголяць", Кацярына, якая "забрала лета", Андрэй, які "усіх мудрэй" і зрэшты Запусты перад Піліпаўскім постам. Усімі гэтымі днямі продкі жылі паўсядзённым жыццём, ды як заўсёды не забывалі назіраць за надвор’ем, спрабуючы прадбачыць яго стан на будучыню. Тое ж датычылася і апошніх восеньскіх дзён.
Лістапад – такі месяц, калі продкаў, або дзядоў, памінаюць не раз. Так, акурат перад Міхайлам адзначаюць Міхайлаўскія Бабы. Гэты памінальны дзень добрая нагода ўзгадаць светлай памяццю працавітых, добрых, прыгожых жанчын – матуль, бабуль, сясцёр, якіх ужо няма побач.
Бабка-шаптуха з Кобрыншчыны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Народную прыказку "Датуль баба варажыла, пакуль была жыва" трэба разумець іншасказальна. Бо гаспадыня "варожыць" за кроснамі, каля печы над прыгатаваннем смачных страў, за працай у агародзе і на полі, даглядаючы жывёлу і шмат дзе яшчэ. Усе свае дзеянні яна надзяляе клопатам і любоўю да сваёй сям’і. Таму кажуць:
"Калі ёсць гаспадыня ў хаце – хата жыве".
Дзяды і бабы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У памінальныя дні продкі абавязкова хадзілі ў царкву, а пасля набажэнства спяшаліся накрыць святочны стол.
Страў павінна быць некалькі, і сярод іх абавязкова каша куцця і бліны, бо яны галоўныя ў гэты дзень.
Сядаючы за стол, сімвалічна адкладалі на талерку ад кожнай стравы і ставілі на покуці. Казалі:
"Перш чым сабе – продкам".
Праз тры дні ежу, або толькі блін, якія былі на талерцы, выносілі з хаты і аддавалі птушкам.
Бліны тоўстыя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Памінальныя стравы
Беларуская кухня ведае нямала рэцэптаў гатавання куцці і бліноў. Гэта абрадавыя стравы да многіх значных свят, такіх як Каляды, Вялікдзень, Дзяды і інш. Нагадаю і я некалькі добрых рэцэптаў з традыцыйнай народнай кухні.
Вось як гатуюць памінальную куццю ў вёсцы Семежава, што ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці.
Куцця памінальная
З чаго гатаваць:
1 шк. пшанічных круп,
100 г маку,
100 г грэцкіх арэхаў,
2-3 ст. л. мёду,
цукар.
Як гатаваць. Зварыць на вадзе посную кашу, астудзіць, пасыпаць цукрам. У іншым посудзе (макотры) расцерці мак да "малачка", дадаць мёд, злучыць з кашай і добра перамяшаць. Калі каша моцна густая, то ў яе можна дадаць крыху халоднай гатаванай вады. Цяпер дадаць крышаныя арэхі.
Бліны на сыроватцы
З чаго гатаваць:
1 л сыроваткі,
0,5 ст. л. соды,
1 яйка,
мука (па патрэбе),
цукар (да смаку),
соль.
Бліны на сыроватцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У сыроватку сыплюць соду, каб добра запенілася. Дадаюць яйка, соль, цукар па смаку і мукі столькі, каб цеста было негустое і добра лілося. На разагрэтую патэльню ўліваюць, не шкадуючы, алей і наліваюць два апалонікі цеста. Ставяць патэльню ў печ і чакаюць, пакуль не зашкварчыць, каб перавярнуць блін на другі бок.
Заяц, печаны са смятанай
З чаго гатаваць:
1 заяц,
100 г свінога сала,
50-80 г масла,
200 г смятаны,
1,5 ч. л. солі.
Як гатаваць. Тушку зайца, або труса, мочаць у халоднай вадзе амаль два дні, часта мяняючы ваду. Дастаўшы з вады, тушку абсушваюць, нашпігоўваюць салам і соляць. Потым кладуць на бляху і пякуць, абклаўшы кавалкамі масла. Калі спячэцца напалову, паліваюць смятанай і дапякаюць. Пры падачы рэжуць на кавалкі і заліваюць ядлаўцовым соусам.
Ядлаўцовы соус да смажаніны
З чаго гатаваць:
жменя ягад ядлоўцу,
2-3 ст. л. воцату,
1 ст. л. масла,
1 ст. л. мукі,
булён для развядзення.
Як гатаваць. Растаўчы ягады ядлоўцу ў ступцы ці выкарыстаць кавамолку, прасеяць, заліць воцатам, пасаліць, дадаць падсмажанай на масле мукі, развесці булёнам і крыху паварыць. Гэты соус пасуе да свініны, бараніны, качкі, дзічыны.
Шчупак
© Sputnik
Рыба, тушаная у смятане з бульбай
З чаго гатаваць:
1,5 кг шчупака,
1,5 кг бульбы,
1 ст. л. масла,
шчопаць духмянага перцу,
400 г смятаны,
соль.
Стол для гасцей
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Змазаць форму для запякання тоўстым слоем масла. Нарэзаць абабраную бульбу кружочкамі, выкласці тонкім слоем у форму. Пачышчаную і выпатрашаную рыбу нарэзаць на кавалкі, пасаліць і паперчыць па смаку, ды выкласці слаямі па чарзе з бульбай. Заліць усё смятанай і ўставіць у печ ці ў духоўку на 30-40 хв.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Тоўстая вячэра, або "Заўсягды, як на Дзяды"
"Чыстае дзела", або Час "ставіць" капусту
"Бабіна" лета, або Сонечны дзень у гонар бабкі-павітухі
Восень на "рабой кабыле", або Грэчка ў возе і на стале
"Прыйшоў Багач – кідай рагач…": завяршаем гаспадарчую працу і назіраем за надвор’ем