Казахстан
У першыя дні новага года ўспыхнуў Казахстан. Падаражанне звадкаванага газу ў краіне вылілася ў бунты, пагромы, беспарадкі і спробу дзяржперавароту. Каб урэгуляваць сітуацыю, прыйшлося прыцягваць сілы АДКБ. У складзе місіі ў Казахстан адправіліся і беларускія міратворцы.
Лёс мігрантаў
У Беларусі год пачаўся з нявызначанага лёсу мігрантаў у Брузгах. Яны хацелі трапіць у ЕС, але Захад перасяленцаў так і не прыняў. Беларускія ўлады ўсімі сіламі адпраўлялі мігрантаў на радзіму. Пункт размяшчэння бежанцаў на мяжы спыніў сваю працу толькі ў сакавіку.
Падзенне моста
Гучнае надзвычайнае здарэнне ў Мінску – 8 студзеня ў цэнтры сталіцы абвалілася пешаходная частка моста на Нямізе. Першы цуд, што абышлося без ахвяр. Другім цудам стаў рэкордны тэрмін аднаўлення моста. Яго пабудавалі нанава ўсяго за месяц.
Рэферэндум па Канстытуцыі
У гэты ж час Беларусь рыхтавалася да рэферэндуму па папраўках у Канстытуцыю. За змены прагаласавалі больш за 82% выбаршчыкаў. Сярод асноўных паправак – абмежаванне не больш за два прэзідэнцкія тэрміны, пераразмеркаванне часткі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў іншым органам улады і новыя паўнамоцтвы Усебеларускага народнага схода.
Беларусы на Алімпіядзе
На зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў скарбонцы беларусаў – два сярэбраныя медалі. Адна ў біятланіста Антона Смольскага. Другое срэбра – у фрыстайлісткі Ганны Гуськовай. Бывалі гады, калі ўзнагарод было і менш, але ўсё ж тры золаты Домрачавай у Сочы – гэта планка, да якой хацелася цягнуцца.
Скандалы Алімпійскіх гульняў
Самы гучны скандал Алімпіяды – з 15-гадовай расіянкай Камілай Валіевай. Нібыта з-за допінгу расіянам не аддалі каманднае золата ў фігурным катанні, а сама Каміла пасля ўсёй гэьай сітуацыі засталася толькі чацвёртай у асабістым турніры.
Дэбаты аб тым, дзе тут спорт без палітыкі, зноў успыхнулі пасля адхілення расіян і беларусаў ад удзелу ў Паралімпіядзе. Рашэнне прынята на фоне падзеі, якая ў прамым сэнсе змяніла гісторыю.
Спецаперацыя РФ
21 лютага Уладзімір Пуцін у звароце да расіянаў аб’явіў аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Ад улад Украіны Пуцін запатрабаваў неадкладна спыніць баявыя дзеянні ў Данбасе.
Праз тры дні – новы зварот расійскага прэзідэнта аб пачатку спецаперацыі па вызваленні рэспублік Данбаса. Пазней эксперты скажуць, што з гэтага моманту – з 24 лютага – свет падзяліўся на "да" і "пасля".
Перагаворы Расіі і Украіны
Адразу пасля пачатку спецаперацыі зайшла размова і аб неабходнасці перагавораў. На тэрыторыі Беларусі адбыліся тры сустрэчы перагаворшчыкаў – 28 лютага, а потым 3 і 7 сакавіка. Потым былі дэбаты па відэасувязі. І новая сустрэча ў Стамбуле 29 сакавіка. Здаецца, з’явіўся аптымізм, але не – Кіеў занадта хутка адышоў ад дамоўленасцяў.
Санкцыі Захаду
На фоне расійскай спецаперацыі памнажаюцца чуткі аб уцягванні Беларусі ў канфлікт. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэслівае – беларускія вайскоўцы ў спецаперацыі не ўдзельнічаюць. Краіны Захаду рэагуюць па прынцыпе: "Сусліка бачыш? А ён ёсць".
Пры гэтым Захад уводзіць усё больш санкцый і абмежаванняў для Расіі і Беларусі, а ва Украіну адпраўляе ўсё больш узбраенняў. Але праяўляецца і адваротны эфект – заходнія эканомікі пачынаюць несці страты, а адмова ад газавых паставак з Расіі пагаршае становішча еўрапейцаў яшчэ больш.
Загароды вакол Беларусі
Напружанне вакол Беларусі ўсё больш спрабуюць падагрэць звонку. З поўдня Украіна спачатку ўзрывае масты і будуе мінныя палі, а потым бярэцца за бетон і калючы дрот. З захаду палякі, літоўцы і латышы цягнуць свае загароды і мілітарызуюць прыгранічныя зоны. Бачым, кантралюем, але ў канфлікт не ўступаем, гавораць ваенныя ў Беларусі.
Лёс дальнабойшчыкаў
У канцы мая прэзідэнт Беларусі распавядае яшчэ пра адну спецаперацыю – як спецслужбы вызвалялі дальнабойшчыкаў, якія апынуліся заложнікамі на ўкраінскай тэрыторыі. Іх машыны і грузы адабралі ўкраінцы. А саміх людзей агентам КДБ удалося вярнуць на радзіму.
Але ўкраінскія ўлады на гэтым не спыняюцца. У Беларусі рэгулярна адбіраюць транзітныя вагоны з грузамі, у прадпрыемстваў і бізнесу – актывы і ўласнасць ва Украіне.
Сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі
Пакуль Захад закрывае ўсё больш шляхоў для ўзаемадзеяння, на ўсходзе яны, наадварот, адчыняюцца. І ў першую чаргу, у самой Расіі. Пра гэта Пуцін і Лукашэнка гавораць на кожнай асабістай сустрэчы. У красавіку на касмадроме "Восточный" лідары абмяркоўваюць нават сумеснае асваенне космасу.
І калі на сустрэчы ў Благавешчанску становіцца вядома, што ў Беларусі будзе свой касманаўт, то на новай сустрэчы ў Сочы гучыць яшчэ больш рэзананснае – у Беларусі будуць і свае "Искандеры".
Пра тое, што дамоўленасці сталі рэальнасцю, лідары пацвярджаюць у снежні – Лукашэнка знаёміцца з шасцю прэтэндэнткамі на палёт у космас і з гонарам гаворыць пра "Искандеры" на баявым дзяжурстве.
Прэзідэнты дзвюх краін у 2022 годзе сустракаліся з зайздроснай рэгулярнасцю, паставіўшы абсалютны рэкорд па колькасці асабістых сустрэч.
Лукашэнка ў Абхазіі
Раптоўны сюрпрыз у двухбаковых адносінах – вераснёўскі візіт Лукашэнкі ў Абхазію. Калі раней усе варажылі: "Прызнае ці не прызнае?", то зараз сустрэлі як дарагога госця і бліжэйшага сябра – танцамі і амаль у хатняй атмасферы.
Праваслаўныя і католікі
Пацвярджэнне моцнага саюза з Расіяй – чарговы візіт у Беларусь патрыярха Кірыла, у Мінску ён абмяркоўвае з Лукашэнкам, "куды ідзе свет", а ў Полацку праводзіць богаслужэнне ў гонар 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях.
Пры гэтым восенню становіцца вядома аб закрыцці культавага каталіцкага храма ў Мінску. У інтэрнэце памнажаюцца чуткі – Чырвоны касцёл адбіраюць у вернікаў, але ўлады тлумачаць – храму неабходны рамонт пасля пажару, да таго ж, помнік архітэктуры патрабуе да сябе асаблівай увагі.
Уладзімір Макей
Аб умацаванні беларуска-расійскіх адносін на фоне канфлікту з Захадам у эксклюзіўным інтэрв’ю Sputnik гаворыць летам кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Размова, прымеркавана да 30-годдзя дыпламатычных адносін Беларусі і Расіі, атрымалася максімальна адкрытай.
Тады ніхто нават не меркаваў, што сэрца самага дасведчанага беларускага дыпламата раптоўна спыніцца 26 лістапада. Навіна стала шокам – Уладзімір Макей раптоўна памёр на 65-м годзе жыцця.
Страты года
2022-ы стаў годам страт вопытных яркіх палітыкаў. У красавіку не стала Уладзіміра Жырыноўскага – нязменны лідар ЛДПР ніколі не лез за словам у кішэню і за сваю доўгую палітычную кар’еру напрарочыў столькі, што хопіць яшчэ на дзесяцігоддзі наперад.
Пра тое, што савецкая эпоха канчаткова сышла ў мінулае, загаварылі ў маі, калі стала вядома пра смерць экс-старшыні Вярхоўнага савета Беларусі Станіслава Шушкевіча. Менавіта ён як кіраўнік рэспублікі разам з прэм’ерам Вячаславам Кебічам падпісваў у 1991-м Белавежскія дамовы, якія паклалі канец існаванню СССР.
А 30 жніўня пайшоў з жыцця і ініцыятар распаду СССР – былы першы прэзідэнт Савецкага саюза Міхаіл Гарбачоў. У канцы 1980-х ён ініцыяваў "перабудову" і ўзяў курс на галоснасць, але Саюз не вытрымаў рэформ і пацярпеў крах. Да 100-годдзя СССР, якое прыпала на 30 снежня 2022 года, не дажылі ні Краўчук, ні Бурбуліс, ні Шушкевіч, ні сам Гарбачоў.
Пайшла эпоха – гаварылі ў 2022 годзе і пра смерць каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II. Прынц Чарльз – зараз ужо Карл III – дачакаўся сваёй чаргі заняць трон. Але момант праўлення яму дастаўся зусім не самы стабільны.
Палітычныя казусы года
Вялікабрытанія ў 2022 годзе мяняе прэм’ераў як пальчаткі. Барыс Джонсан перадаў тытул самага камічнага персанажа ў сусветнай палітыцы Ліз Трас. Яна займала прэм’ерскае крэсла ўсяго 43 дні, брытанцы жартавалі, што салата латук – і тая пратрымалася даўжэй. Пераемнік Трас – Рышы Сунак, памятаючы вопыт папярэднікаў, скандальных заяў імкнецца не рабіць, відавочна, каб потым за іх не чырванець.
У 2022-м крэслы хістаюцца і пад амерыканскай уладай. Байдэн, які губляецца ў прасторы, пункт за пунктам губляе і давер выбаршчыкаў, а яго аднапартыйцы – дэмакраты ўступаюць рэспубліканцам у барацьбе за крэслы кангрэсменаў. На коне – маштабы ваеннай дапамогі Украіне, эканоміка саміх ЗША і лёс прэзідэнцкага крэсла ў 2024-м.
Ядзерная пагроза
Летам 2022-га на ўсю моц абмяркоўваюць пагрозу ядзернай бяспецы. Спачатку з-за таго, што Украіна спрабуе стварыць "брудную" бомбу", а затым – з-за рэгулярных абстрэлаў Запарожскай АЭС, якія вядзе ўкраінскі бок, але вінаваціць у іх расійскі. Каму, як не суседзям-беларусам, ведаць, чым багата катастрофа на атамнай станцыі для найбліжэйшых тэрыторый, ды і небліжэйшых таксама.
Каб развязаць сітуацыю, на станцыю адпраўляюцца эксперты МАГАТЭ. Іх шлях да ЗАЭС выглядае як годны экранізацыі блокбастар. Па прыездзе эксперты канстатуюць – па станцыі сапраўды страляюць, вось толькі не ўдакладняюць, хто менавіта. Але абяцаюць маніторыць абстаноўку.
Мабілізацыя ў РФ
21 верасня Уладзімір Пуцін аб’яўляе ў Расіі частковую мабілізацыю. У войскі адправяць тых, хто служыў і мае баявы вопыт, агульнай колькасцю ў 300 тысяч чалавек.
На гэтым фоне новай хваляй узнімаюцца чуткі і аб мабілізацыі ў Беларусі. Але беларускае кіраўніцтва падкрэслівае: "Мы ў канфлікце не ўдзельнічаем, і ў мабілізацыі неабходнасці няма". Але на ўсялякі выпадак у краіне актыўна вядзецца зверка звестак ваеннаабавязаных. Да таго ж, Расія і Беларусь прымаюць рашэнне аб разгортванні сумеснай групоўкі войск.
Дыверсіі на "Паўночных патоках"
Абстаноўка ў свеце пагаршаецца атакамі на газаправоды "Паўночны паток" і "Паўночны паток - 2" у ноч на 26 верасня. Спрабуючы пазбавіць Расію магчымасці газавых паставак, заходнія спецслужбы адсякаюць сваім жа краінам магчымасць правесці зіму ў цяпле і купляць газ па нармальных цэнах. Але відавочным маштаб трагедыі ў ЕС становіцца толькі з надыходам халадоў.
Новыя тэрыторыі РФ
На гэтым фоне знакавая падзея не толькі для нашых суседзяў, але і для ўсяго свету. Расія ў кастрычніку прырастае тэрыторыямі. На ўрачыстай цырымоніі ў Крамлі ў склад РФ прымаюць новыя рэгіёны – Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі, Запарожскую і Херсонскую вобласці. Іх жыхары на рэферэндуме абсалютнай большасцю выказаліся за тое, каб быць у Расіі.
Чэмпіянат свету па футболе
Пакуль у свеце працягваюцца спробы адмяніць усё рускае, Чэмпіянат свету па футболе у Катары, хоць і без расіян, але на ўсю моц запальвае пад рускую "Калинку" і "Катюшу".
Ліянель Месі да лаўраў вялікага Дыега Марадоны ішоў на працягу ўсёй кар’еры. Францыя і Харватыя захавалі за сабой месцы ў тройцы наймацнейшых зборных свету. Але Аргенціна ўсё ж лепшая, і цяпер кожны суайчыннік Марадоны і Месі з поўным правам скажа – у нас два лепшыя футбалісты за ўсю гісторыю. А ў вас?
Пуцін у Мінску і саміт СНД у Піцеры
На пераднавагодняй сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Мінску ўзгадалі і пра футбол, але не толькі. Для Беларусі гэты візіт знакавы – у гасцях адразу і Пуцін, і Шайгу, і Лаўроў. І многія крытычна важныя моманты нарэшце прыйшлі да вырашэнню. Гэта і цэны на газ на тры гады наперад, і доўгачаканыя "Искандеры" на баявым дзяжурстве, і гарантаваная падтрымка саюзніка.
І на гэтым можна было б паставіць кропку. Але не. За некалькі дзён да Новага года лідары СНД збіраюцца на пераднавагодні саміт у Санкт-Пецярбургу. Гавораць аб планах, захапляюцца Рускім музеем, і тут жа беларускі лідар агучвае галоўны прагноз на Новы 2023 год.
Якім будзе 2023-і?
Адыходзячы Год тыгра гараскоп анансаваў як падзейны і непрадказальны, але мы нават не ўяўлялі сабе, наколькі. Надыходзячы 2023-і па ўсходнім календары – Год Ката ці Труса – абяцае нам спакой і стабільнасць. Ну што ж, пажывем, убачым. З Новым годам!
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь